22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рамачная праграма супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці на 2013-2017 гады адобрана ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 18 красавіка бягучага года нумар 369, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
Каардынацыю і кантроль за рэалізацыяй гэтай праграмы, у адпаведнасці з дакументам, будзе ажыццяўляць Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Таксама пастановай адобраны 6 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, сярод іх - "Павышэнне эфектыўнасці і празрыстасці сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі ў Рэспубліцы Беларусь", "Усходне-Заходняя Еўрапейская сетка вышэйшай тэхнічнай адукацыі", "Міжакадэмічная сетка Эразмус Мундус", "Развіццё тэхнічнага супрацоўніцтва па ядзернай бяспецы ў сферы садзейнічання рэгулюючым органам", "Экстраннае садзейнічанне кантролю за ўспышкамі афрыканскай чумы свіней у Рэспубліцы Беларусь" і "Ахова навакольнага асяроддзя міжнародных рачных басейнаў". Яны зацверджаны на падставе прапаноў Камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Саўміне Беларусі.
Дакументам таксама ўстаноўлена, што каардынаваць і сачыць за ходам рэалізацыі праекта "Павышэнне эфектыўнасці і празрыстасці сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі ў Рэспубліцы Беларусь" будзе Мінфін, праектаў "Усходне-Заходняя Еўрапейская сетка вышэйшай тэхнічнай адукацыі" і "Міжакадэмічная сетка Эразмус Мундус" - Міністэрства адукацыі, "Развіццё тэхнічнага супрацоўніцтва па ядзернай бяспецы ў сферы садзейнічання рэгулюючым органам" - МНС, "Экстраннае садзейнічанне кантролю за ўспышкамі афрыканскай чумы свіней у Рэспубліцы Беларусь" - Мінсельгасхарч. Кантраляваць рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Ахова навакольнага асяроддзя міжнародных рачных басейнаў" трэба будзе Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Пастанова ўступіла ў сілу з дня яе прыняцця.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|