17 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Перспектывы развіцця супрацоўніцтва Гомельскай вобласці і горада Чанчунь правінцыі Цзілінь Кітайскай Народнай Рэспублікі абмеркавалі на сустрэчы ў беларускім горадзе над Сожам старшыня аблвыканкама Іван Крупко і дэлегацыя з КНР, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як падкрэсліў Іван Крупко, візіт дэлегацыі з'яўляецца пацвярджэннем усё большай дружбы паміж рэгіёнамі, узаемнага імкнення да развіцця плённага супрацоўніцтва. Партнёрам прэзентавалі патэнцыял паўднёва-ўсходняга беларускага рэгіёна, яго магчымасці ў самых розных галінах і напрамках.
"Гомельская вобласць высока цэніць дружбу з Кітайскай Народнай Рэспублікай", - зрабіў акцэнт старшыня аблвыканкама. Асновай узаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага партнёрства ён назваў развіццё міжрэгіянальных сувязей. "Сёння Гомельскую вобласць з рэгіёнамі Кітая звязваюць пяць пагадненняў аб устанаўленні пабрацімскіх адносін. Мы адкрыты да супрацоўніцтва. І надаём вялікае значэнне партнёрству з Кітаем, развіццю ўзаемных паставак тавараў і паслуг. За апошнія пяць гадоў тавараабарот Гомельскай вобласці з Кітаем вырас больш як у 2 разы", - канстатаваў кіраўнік рэгіёна.
Паводле яго слоў, аснову экспарту ў Кітай складаюць цэлюлоза драўняная, мясная, малочная, кандытарская, алкагольная прадукцыя.
"Гомельшчына зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з горадам Чанчунь і правінцыяй Цзілінь, нарошчванні ўзаемных паставак высакаякасных тавараў. Цяпер 20 прадпрыемстваў Гомельскай вобласці акрэдытаваны для паставак харчовай прадукцыі ў Кітай", - дадаў старшыня аблвыканкама.
Ён зрабіў акцэнт: па шэрагу напрамкаў ёсць добрыя перспектывы для далейшага гандлёвага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння з правінцыяй Цзілінь. Па-першае, гэта пастаўка ў Цзілінь прадуктаў харчавання гомельскіх вытворцаў: ялавічыны, мяса і харчовых субпрадуктаў свойскай птушкі, натуральнамалочнай прадукцыі, малака і вяршкоў згушчаных і сухіх, сухой малочнай сыроваткі, малочных цукерак, кандытарскай і алкагольнай прадукцыі, а таксама прадукцыі дрэваапрацоўкі і мінёральных угнаенняў. Па-другое, гэта рэалізацыя прамысловых праектаў у Гомельскай вобласці з прэферэнцыямі свабоднай эканамічнай зоны "Гомель-Ратон". "Трэцяе - рэалізацыя інвестпраектаў у сферы сельскай гаспадаркі: будаўніцтва малочнатаварных комплексаў з далейшай перапрацоўкай і пастаўкай гатовай прадукцыі ў Кітай", - агучыў перспектыўныя пазіцыі Іван Крупко.
Ён выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт кітайскай дэлегацыі адкрые новыя перспектывы для супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных праектаў і будзе садзейнічаць працвітанню двух рэгіёнаў.
У сваю чаргу намеснік генеральнага сакратара Народнага ўрада горада Чанчунь Юн Чжан нзваў візіт гомельскай дэлегацыі ў жніўні гэтага года ў кітайскую правінцыю акном для будучай дружбы і супрацоўніцтва. Ён таксама прызнаўся, што ўражаны і Беларуссю ў цэлым, і гомельскай зямлёй у прыватнасці. "Вельмі ўразілі прадпрыемствы - парадак, кіраванне, добрая база", - дадаў Юн Чжан.
"Акрамя эканамічнай часткі, мы можам гаварыць на самыя розныя тэмы: пра культуру, спорт, медыцыну, абмен студэнтамі", - упэўнены намеснік генеральнага сакратара Народнага ўрада горада Чанчунь.
Кіраўнік дэлегацыі звярнуў увагу, што ўжо ёсць прыклады, калі цеснае ўзаемадзеянне наладжваюць паміж сабой прадпрыемствы двух рэгіёнаў. "Але гэта толькі пачатак", - упэўнены ён.
Юн Чжан таксама падкрэсліў важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва - паміж гарадамі, а таксама Гомельскай вобласцю і правінцыяй Цзілінь у цэлым.
Праграма візіту кітайскай дэлегацыі ў Гомельскую вобласць даволі насычаная. Госці ўжо наведалі і плануюць наведаць шэраг прадпрыемстваў, аб'ектаў культурна-турыстычнай сферы, а таксама прымуць удзел у Гомельскім эканамічным форуме, на якім плануецца падпісаць шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве.