28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь паспяхова ўдзельнічае ў механізацыі сельскай гаспадаркі ў Зімбабвэ. Аб гэтым заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Зімбабвэ Ігар Маршалаў на палях штогадовага семінара кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь у Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе Прэзідэнт Зімбабвэ наведаў нашу краіну, заключаны шэраг пагадненняў як гуманітарнага, так і гандлёва-эканамічнага характару. Створана пастаянна дзеючая сумесная камісія па ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі", - звярнуў увагу кіраўнік дыпмісіі.
Пасол падкрэсліў, што Беларусь паспяхова ўдзельнічае ў рэалізацыі трэцяй фазы механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, куды пастаўляецца розная беларуская тэхніка.
Ігар Маршалаў выказаў меркаванне, што развіццю двухбаковых сувязей садзейнічаюць візіты як урадавых дэлегацый, так і прадстаўнікоў прадпрыемстваў, дзелавых колаў. Ён таксама адзначыў важнасць правядзення такіх семінараў, у час якіх праходзіць абмен меркаваннямі, вопытам.
Праграмай семінара прадугледжаны мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне каардынацыі знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці загранустаноў, а таксама абмеркаванне актуальных выклікаў і задач, якія стаяць перад дыпламатычнай службай Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах.