У верасні 2023 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў паездку ў Бялыніцкі раён. Тут кіраўнік дзяржавы наведаў участак па вырошчванні рыб фарэлевай гаспадаркі "Лахва", дзе яму далажылі аб развіцці рыбаводчай галіны ў Магілёўскай вобласці і нарошчванні вытворчасці каштоўных парод рыб. Затым Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналогіяй вырошчвання рыб і пакаштаваў мясцовую прадукцыю. Рыбная дэгустацыя прайшла на славу. У гаспадарцы паказалі, што называецца, тавар у наяўнасці. Фарэль салёная, вэнджаная, ахалоджаная і, вядома ж, юшка - якасць была праверана асабіста Прэзідэнтам. У спецыяльным рэпартажы БЕЛТА мы раскажам і пакажам, як робяць усю гэту смакату.
Беларуская фарэль, заявілі тады ў гаспадарцы, па сваіх смакавых якасцях нічым не адрозніваецца ад ахалоджанай нарвежскай рыбы.
"Гэта губернатару, а гэта кіраўніку Адміністрацыі. Яны худыя. Ім можна з бульбай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, каштуючы юшку з фарэлі.
"Добрая", - ацаніў страву Анатоль Ісачанка, старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Але перад тым, як беларуская фарэль трапіць да вас на стол, яе чакае доўгі шлях. Усё пачынаецца ў рыбаводна-індустрыяльным комплексе ў Горках. А дакладней - у інкубацыйным цэху.
Нам пашанцавала: калі мы прыбылі на прадпрыемства, там якраз ішла падрыхтоўка да завозу ікры. Пасля таго, як сыравіна трапіць сюды, акрамя работнікаў, нікога ў гэта памяшканне не пусцяць.
"У кожнай рамцы змяшчаецца 12-14 тыс. ікрынак. Мы глядзім на стан рамак, стан сетак: калі нешта адклеілася - падклейваем. Робім так, каб не было ніякіх шчылін і зазораў. Апрацоўваем нашы латкі ад вадзянога каменю. Затым апрацоўваем усё абсталяванне. Глядзім спраўнасць помпаў, тарцовых ушчыльненняў і ўсяго астатняга", - падзяліўся асаблівасцямі работы начальнік рыбаводна-індустрыяльнага комплексу фарэлевай гаспадаркі "Лахва" Андрэй Астапаў.



Тэмпература ікры прыблізна адзін градус. Вада, якая ідзе са свідравін, крыху цяплейшая - каля дзевяці градусаў. Каб не было шоку, неабходна выраўнаваць тэмпературу вады ў сістэме.
"Мы намарожваем лёд, затым набіраем пару латкоў вады, дабаўляем туды лёд, расколваем, выраўноўваем тэмпературу, глядзім прыблізна па тэмпературы ікры. Калі ікра - градус, то разбежка можа быць градус-паўтара. Гэта значыць, нам ваду трэба зрабіць два - два з паловай. Мы высыпаем у гэту ваду ікру і пачынаем дабаўляць недзе градус у гадзіну", - растлумачыў начальнік комплексу.
Гэты цэх можна назваць раддомам: тут на свет з'яўляюцца малькі. І ўсё навокал арганізавана так, каб гэты працэс прайшоў паспяхова і без страт.
Малькі пачынаюць вылуплівацца праз два тыдні. Кормяцца за кошт жаўтковага мяшка. Потым паднімаюцца "на плаў". Іх пачынаюць прыкормліваць і пазней рассаджваюць. Спачатку ў ніжні латок, затым - у басейны.
Напрыклад, у гэтым цэху восем басейнаў - кожны па 18 кубаметраў. Пакуль рыба маленькая, вады наліваюць па палавіне аб'ёму. Падрастае - ваду дабаўляюць. Калі рыбе становіцца цесна, рассаджваюць у іншыя цэхі.


"Цяпер у нас рыбка каля двух грамаў. На гэты момант яе трэба будзе рассадзіць, зменшыць шчыльнасць пасадкі. Стараемся ўсё зрабіць у адзін момант, каб рыбка расла своечасова. Ёсць якія растуць хутка, ёсць якія растуць марудна. І, атрымліваецца, у іх канкурэнцыя. Таму іх лепш рассаджваць", - расказаў пра нюансы Андрэй Астапаў.
Узровень кіслароду ў басейне - 100-110 працэнтаў. Тэмпература вады - 12-14 градусаў. Кожныя тры гадзіны ў малькоў сытны абед. Дарэчы, састаў корму ў малькоў і дарослых рыб адрозніваецца: у малышоў больш бялку і сам корм даражэйшы.
Рыбу ў такіх басейнах могуць дарасціць да 30 г. Затым яе перавозяць у іншыя філіялы. Сёння ў складзе фарэлевай гаспадаркі "Лахва" іх чатыры.
"У двух комплексах мы вырошчваем па 200 т рыбы ў год і 100 т у трэцім комплексе. Аб'ём складае каля 500 т у год. На экспарт мы адпраўляем як пасадачны матэрыял. А ўжо таварную рыбу прадаём у Рэспубліцы Беларусь", - адзначыў дырэктар фарэлевай гаспадаркі "Лахва" Юрый Куксянкоў.

Філіял у Касічах мае два модулі, у кожным па два басейны. На гэты ўчастак паступае пасадачны матэрыял ад сямі грамаў. Потым рыбу размяркоўваюць па іншых участках.
"Адзін басейн каля 1200 кубоў. Пасадачнае месца амаль 350 кубоў. На куб утрымліваецца прыкладна 350 кг фарэлі. Кармленне ажыццяўляецца аўтаматычна. Харчаванне адбываецца дзякуючы артэзіянскім свідравінам, іх усяго шэсць. Але задзейнічаны недзе дзве", - расказаў галоўны рыбавод участка па вырошчванні нумар 1 Васіль Ткачоў.

Тут працуе сістэма УЗВ - устаноўка замкнёнага водазабеспячэння. Гэта маецца на ўвазе змена вады - 10-15 працэнтаў за суткі. У басейнах рыбу дагадоўваюць да таварнага віду: гэта можа быць ужо 250 г, але ў сярэднім - 800 г. Вырошчваць больш буйную фарэль эканамічна немэтазгодна, растлумачылі на прадпрыемстве.
Кормяць рыбу кожныя 45 мінут. Атрымліваецца, 14 разоў у дзень. У аснове корму - рыбная мука. "Кормім замежным кормам. Збалансаваным. Таксама на сённяшні момант БНБК (Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. - Заўвага БЕЛТА) знаходзіцца на стадыі распрацоўкі корму для фарэлевых відаў рыб. Мы яго ўжо выкарыстоўваем. Быццам, нічога, але трэба яшчэ папрацаваць, каб ён быў цалкам падрыхтаваны для УЗВ. Таму што тут ёсць невялікія нюансы. Паколькі адна і тая ж вада, тут трэба да гэтага сур'ёзна падысці", - дадаў Васіль Ткачоў.


Ад станцыі кісларод па шлангах паступае на дадатковыя ўстаноўкі ў басейнах. Калі рыба становіцца большая, на прадпрыемстве вымушаны дадаткова насычаць ваду кіслародам. Асаблівую ўвагу спецыялісты ўдзяляюць паводзінам і апетыту фарэлі.
"Для таго, каб візуальна разумець настрой рыбы, трэба мінімум два гады чалавеку тут папрацаваць. Па настроі рыбы можна зразумець, можа, ёй больш корму даём, можа, менш. Па настроі, па паводзінах, не вымяраючы кісларод, можна зразумець, ён у добрым дыяпазоне або ўпаў па нейкіх прычынах", - падзяліўся галоўны рыбавод участка.
У сярэднім за год рыба вырастае да кілаграма. Можа і больш, гэта залежыць ад шчыльнасці пасадкі і іншых фактараў.
У далейшым жывая рыба паступае ў цэх перапрацоўкі. Тут працуюць усяго тры чалавекі, але разбіраць яны могуць па некалькі соцень кілаграмаў у дзень, а калі трэба - і некалькі тон. Галоўнае ў гэтай справе - набіць руку. Інакш ніякія лайфхакі не дапамогуць. Складаней за ўсё разбіраць рыбу на філе: трэба ачысціць сыравіну ад усіх костачак.

"Яе калтычаць (робяць надрэз пад жабрамі, каб перарэзаць артэрыю. - Заўвага БЕЛТА), ахалоджваюць, і яна паступае на разбіранне. Далей - у залежнасці ад заяўкі - яна ў нас ідзе на вэнджанне, на ахалоджаную рыбу, робяцца з яе філе-стэйкі, салёнае філе. Пры вэнджанні яе соляць і накіроўваюць на вэнджанне пры 26-28 градусах. Вэнджанне займае каля сутак разам з падсушкай, выходзіць вельмі прыгожая і смачная рыбка", - задаволена вынікамі работы начальнік участка перапрацоўкі Наталля Сівакова.
Рыбу соляць і вэндзяць, а потым адпраўляюць па ўсёй краіне. Працуюць толькі па заяўках. Таму пра заляжалы тавар і размовы быць не можа.
"У нас засолка строга па ДАСТу. Соль і крыху кансерванту: маласалёная рыба без кансерванту захоўвацца не будзе. Няма ніякіх хімічных дабавак", - запэўніла начальнік участка.

Рыба халоднага вэнджання можа захоўвацца да 30 сутак. Гатуюць розныя яе часткі: тут каму што больш падабаецца.
"Яны робяць спінку, пласт, безгалоўку, са спінкі выразаюць пазваночную косць - атрымліваецца бакоўнік. Гэта нашы асноўныя віды разбірання. Са спінкі яшчэ атрымліваецца цёша, якая вельмі карыстаецца попытам", - заўважыла Наталля Сівакова.
Аказваецца, цёша - самая мяккая і пажыўная частка рыбы, сакавітая. Таму не дарэмна яна карыстаецца вялікай папулярнасцю.
"Калі ў нас ідзе разбіранне на філе і стэйкі, застаюцца абрэзкі: брушкі, абрэзкі розныя, хрыбты. Усё гэта ідзе на наборы для юшкі. Таксама карыстаецца попытам. Яны танныя, і людзі разбіраюць", - расказалі на ўчастку.
Беларуская рыба карыстаецца вялікім попытам, таму на прадпрыемстве прынялі рашэнне пашыраць вытворчасць. Цяпер гэты напрамак работы выйшаў на фінішную прамую.

"Мы пабудавалі два дадатковыя комплексы вырошчвання рыбы на тысячу тон у год кожны. Павелічэнне будзе ў разы. І мы яшчэ будуем комплекс у горадзе Чэрыкаве, які будзе вырабляць ікру. Поўны цыкл вытворчасці рыбы будзе ў адных руках", - падзяліўся бліжэйшымі планамі дырэктар "Лахвы" Юрый Куксянкоў.
Да канца года новыя комплексы ўвядуць у эксплуатацыю, і аб'ёмы вытворчасці беларускай фарэлі істотна вырастуць. І хоць у Беларусі мора няма, радужная фарэль перастала ўжо быць далікатэсам. Гэта даступны і вельмі карысны прадукт.