17 жніўня, Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Інтэлектуальную лагістычную сістэму плануюць стварыць у Беларусі пры садзейнічанні кітайскай карпарацыі ZTЕ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
Умовы рэалізацыі праекта абмяркоўваліся на нядаўняй сустрэчы старшыні ДКНТ Ігара Войтава са старшым віцэ-прэзідэнтам ZTЕ Corporation Пан Шэнцзінам. Праект, што прапануецца, разлічаны на доўгатэрміновую перспектыву - не менш як 15-20 гадоў. Пад яго рэалізацыю магчыма стварэнне кіруючай холдынгавай кампаніі.
"У ходзе сустрэчы прадстаўнікі кампаніі адзначылі, што ZTE мае вялікі вопыт супрацоўніцтва з Беларуссю, тым не менш яго можна істотна пашырыць і паглыбіць за кошт укаранення інтэлектуальнай лагістычнай сістэмы, якая дасць магчымасць задзейнічаць у поўнай меры геаграфічны патэнцыял краіны" - расказалі ў прэс-службе.
У сваю чаргу Ігар Войтаў адзначыў, што выбудоўванне і ўдасканаленне лагістычнай сістэмы, кіраванне інфармацыйнымі і транспартнымі патокамі з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця Беларусі ў бліжэйшыя гады. Беларускі бок, у тым ліку і ДКНТ, будзе ўсяляк падтрымліваць гэты праект.
"Цяпер важна распрацаваць бізнес-план праекта і забяспечыць у будучым загрузку беларускіх прадпрыемстваў па выпуску кампанентаў гэтай сістэмы - кантролераў, радыёчастотных метак. Да гэтага пытання трэба падыходзіць паэтапна, але комплексна", - дадалі ў прэс-службе.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|