16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 16 снежня ў СЭЗ "Мінск" зарэгістраваны новы рэзідэнт - ААТ "КАМПЛЕКТ". Прадпрыемства рэалізуе інвестпраект па арганізацыі вытворчасці сэндвіч-панэлей, паведамілі БЕЛТА ў сталічнай СЭЗ.
Адпаведны дагавор падпісалі кіраўнік адміністрацыі Анатоль Калінін і намеснік дырэктара кампаніі Мікалай Даўгучыц.
Сэндвіч-панэлі прызначаны для будаўніцтва хуткаўзводзімых будынкаў і збудаванняў. Асноўны аб'ём прадукцыі плануецца вырабляць для патрэб беларускіх будаўнічых арганізацый.
Заяўлены аб'ём інвестыцый у асноўны капітал складзе больш як Br5,6 млн. У ходзе рэалізацыі праекта будзе створана 10 працоўных месцаў. Вытворчасць плануецца запусціць у красавіку наступнага года. Выхад на праектную магутнасць чакаецца ў 2029 годзе.