18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для паспяховага знешняга гандлю трэба развіваць майстэрства продажаў і не спадзявацца на ўдачу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 снежня ў час Паслання да беларускага народа і парламента на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу (УНС), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць эфектыўных продажаў для паспяховага знешняга гандлю.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прыгадаў пра сваю нядаўнюю вялікую замежную камандзіроўку, якая ўключала ў тым ліку візіты ў Алжыр, Аман, М'янму. Паводле слоў Прэзідэнта, ён чарговы раз пераканаўся: беларусы не ўмеюць гандляваць. У адрозненне, напрыклад, ад многіх жыхароў рэгіёна Блізкага Усходу, дзе гістарычна моцныя гандлёвыя традыцыі. І кіраўніку дзяржавы нават давялося ў час перагавораў з Султанам Амана прасіць навучыць беларусаў гандляваць: "Мы вырабім, мы паставім. Але давайце створым разам кампанію і будзем разам гандляваць на вашых традыцыйных рынках".
Прэзідэнт крытычна заўважыў, што асобныя вытворцы, вырабіўшы прадукцыю, не займаюцца яе прасоўваннем на рынку, а вобразна кажучы, "выкідваюць за агароджу, прадаючы няважна па якіх цэнах, і сядзяць чагосьці чакаюць".
"Здавалася б, выпускаем дастойную лінейку тавараў, але пра іх або не ведаюць на далёкіх рынках, або нажываецца маса пасрэднікаў, здымаючы асноўныя вяршкі і атрымліваючы прыбытак. Пара засвоіць, што продажы - гэта майстэрства, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Нельга спадзявацца на ўдачу або выпадковыя абставіны. Патрэбна прадуманая стратэгія, дакладны план з правільнай лагістыкай".
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што адказным вытворцам-экспарцёрам дзяржава заўсёды гатова падставіць плячо. "Аддача відавочная - бюджэтныя інвестыцыі ў экспарт поўнасцю акупіліся, у дзясяткі разоў (на кожны рубель бюджэтнай падтрымкі атрымалі $30 экспарту). Калі трэба яшчэ нейкія стымулы, якія гарантавана дадуць вынік, прапануйце аператыўна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, чыноўнікі, якія камандзіруюцца за граніцу, павінны разумець: больш ніякага турызму. Саўмін і МЗС вядуць базу эканамічных і інвестыцыйных заданняў па кожнай краіне.