10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстаўка-кірмаш PRODEXPO-2025 пройдзе ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры 11-14 лістапада. Якія мерапрыемствы ўключаны ў праграму, расказала журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ксенія Мялешка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выстаўка заслужыла ўвагі і карыстаецца павышаным попытам сярод удзельнікаў як з Беларусі, так і іншых краін. Яна накіравана на прэзентацыю патэнцыялу перапрацоўчай прамысловасці краіны. Будуць прадстаўлены флагманы-вытворцы харчовай прадукцыі са сваімі навінкамі, дэгустацыямі", - расказала Ксенія Мялешка.
У бягучым годзе, акрамя беларускіх прадпрыемстваў, свае дасягненні, тэхналогіі прадэманструюць удзельнікі з Расіі, Азербайджана, Арменіі, В'етнама, Індыі, Турцыі. Адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі гандлёвых сетак Беларусі і Расіі, замежнымі дэлегацыямі, B2B-перагаворы. PRODEXPO наведаюць госці з 27 дзяржаў (на ўзроўні пасольстваў).
Начальнік упраўлення ўласных кангрэсна-выставачных праектаў дзяржаўнага прадпрыемства "БелЭкспа" Вольга Красоўская дадала, што традыцыйна выстаўку суправаджае маштабная дзелавая праграма. Яна напоўнена актуальнымі тэмамі развіцця харчовага рынку, экспертнымі дыскусіямі паміж спецыялістамі галіны. Пройдуць Міжнародны чэмпіянат кандытарскага майстэрства - 2025, міжнародны конкурс на лепшую ўпакоўку "СмакАрт-2025", Міжнародны сімпозіум хлебапёкаў і інш. Будуць прадэманстраваны конкурсныя работы кулінарнага майстэрства.
Паводле слоў Вольгі Красоўскай, выстаўка і мерапрыемствы пройдуць у дзвюх залах. У агульнай канцэпцыі пляцоўка PRODEXPO перавышае 7 тыс. кв.м, з іх пад стэнды экспанентаў адведзена прыкладна 1,6 тыс. кв.м. У тым ліку пакажуць свае экспазіцыі 11 рэгіёнаў РФ. Маштабна ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі.
"З'явіліся новыя тэматычныя напрамкі, такія як HoReCa, спецыяльнае харчаванне (дыетычнае, дзіцячае, спартыўнае), замарожаныя прадукты і паўфабрыкаты", - адзначыла Вольга Красоўская.
Новыя лакацыі - "Адкрытая кухня", калі ў рэжыме нон-стоп для наведвальнікаў будуць гатаваць шэф-повары, і "Беларусь смачная", дзе лепшыя рэстараны краіны прадставяць стравы нацыянальнай кухні і бачанне сервіроўкі стала да навагодніх свят. "Можна будзе пераняць ідэі, як прыгожа арганізаваць застолле", - дадала прадстаўнік "Белэкспа".
У першы дзень выстаўкі запланавана прэзентацыя саюзнай калабарацыі "Клёцкі з душамі" з удзелам народнага артыста Расіі Эдгарда Запашнага. У другі дзень выстаўку наведае ганаровы госць шэф Канстанцін Іўлеў, які з прадстаўнікамі рэгіёнаў раскрые каштоўнасць агульнай кулінарнай спадчыны.
PRODEXPO - вядучая галіновая харчовая выстаўка Беларусі. Яе арганізатарамі выступаюць Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа" Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы канцэрна "Белдзяржхарчпрам".
Выстаўка збірае вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання і напіткаў. Для аператараў харчовай індустрыі PRODEXPO стала добрай дэманстрацыйнай пляцоўкай: тут праходзяць прэм'еры прадуктовых і гастранамічных навінак, прэзентацыі тэхналогій і рашэнняў для вытворчасці прадукцыі: ад прадуктаў штодзённага рацыёну да далікатэсаў, святочных закусак і спецыяльнага харчавання.
Для транспартнага абслугоўвання гасцей і ўдзельнікаў выстаўкі арганізуецца работа часовых аўтобусных маршрутаў: нумар 912э і нумар 962э (ад станцый метро "Акадэмія навук" і "Пушкінская"). 11 лістапада - віп-дзень, у другі і наступныя дні выстаўку змогуць наведаць усе жадаючыя. Уваход платны.