21 сакавіка, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод у бягучым годзе плануе паставіць у Нікарагуа 150 трактароў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
"Трактары "Беларус" ужо з'яўляюцца папулярнай маркай на рынку Нікарагуа, дзе ўраджай збіраецца тры разы ў год. Яны ўжо даказалі сваю надзейнасць і якасць", - адзначылі спецыялісты. За 2013 год у краіну Цэнтральнай Амерыкі было пастаўлена 67 трактароў.
На заводзе паведамілі, што 24 сакавіка дэлегацыя Нікарагуа на чале з намеснікам міністра замежных спраў гэтай рэспублікі наведае ААТ "МТЗ". Бакі маюць намер абмеркаваць пытанні далейшага супрацоўніцтва, пашырэння лінейкі пастаўляемых трактароў і арганізацыі сэрвіснага абслугоўвання. "Улічваючы зацікаўленасць нікарагуанскага боку ў пастаўках беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, на тэрыторыі завода будзе арганізавана выстаўка ўзораў прадукцыі, якая выпускаецца МТЗ", - дадалі спецыялісты.
Мінскі трактарны завод заснаваны ў 1946 годзе. Уваходзіць у сістэму прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. Выпускае больш за 60 мадэлей і мадыфікацый трактароў і машын у больш як 100 выкананнях і камплектацыях для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. На працягу шэрага гадоў завод захоўвае за сабой долю 8-10 працэнтаў сусветнага рынку колавых трактароў. Мінскі трактарны завод вядзе актыўную дзейнасць на рынках больш як 60 дзяржаў і мае зборачныя вытворчасці ў Расіі, Азербайджане, Украіне, Казахстане, Кітаі, Румыніі, Егіпце, Сербіі, Алжыры, Венесуэле і іншых краінах. У складзе ВА "МТЗ" 11 прадпрыемстваў.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|