Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

11 Жнв 2015

МТЗ плануе павялічыць пастаўкі тэхнікі ў Пакістан да 5 тыс. адзінак

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод плануе павялічыць у 2016-2017 гадах пастаўкі сваёй тэхнікі ў Пакістан да 5 тыс. адзінак. Аб гэтым сёння паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ "МТЗ" - маркетынг-дырэктар Уладзімір Макаранка ў час наведвання прадпрыемства прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе завод прыняў рашэнне аб цэнтралізацыі паставак трактароў у Пакістан, была створана сумесная беларуска-пакістанская кампанія MTW Pak Assembling Industries. Да гэтага мы працавалі разрознена і пастаўлялі 2,5-3 тыс. трактароў у год. Цяпер жа разлічваем заняць дастойную нішу на гэтым рынку і павялічыць пастаўкі да 5 тыс. адзінак. Гэта перспектыва 2016-2017 гадоў", - адзначыў Уладзімір Макаранка. На базе названай кампаніі ў красавіку 2015 года адбыўся запуск зборачнай вытворчасці трактароў "Беларус", на гэты момант ужо завершана зборка пілотнай партыі з 16 трактаракамплектаў.

Уладзімір Макаранка адзначыў, што прадпрыемства лічыць Пакістан перспектыўным рынкам. Трактарны парк гэтай краіны ацэньваецца ў 700 тыс. трактароў, гадавая патрэбнасць рынку - 70 тыс. адзінак тэхнікі ў год. "Мы хочам заняць нішу ў памеры 10 працэнтаў ад агульнага аб'ёму штогадовых паставак трактароў на рынак Пакістана. У перспектыве нават да 10 тыс. дайсці, але ўсё будзе залежаць ад таго, як будзе працаваць наша зборачная вытворчасць", - адзначыў ён. Да канца 2015 года МТЗ плануе ажыццявіць пастаўку ў адрас сваёй зборачнай вытворчасці ў Пакістане да 2 тыс. трактаракамплектаў. Акрамя таго, паведаміў маркетынг-дырэктар, пакістанскі бок зацікавіўся бавоўнавымі трактарамі прадпрыемства. "Пакуль дамоўленасці толькі на словах, у бліжэйшы час, лічу, мы прыйдзем да пэўнага разумення і заключэння кантрактаў", - падкрэсліў ён.

Мінскі трактарны завод пастаўляе трактары ў Пакістан з 1955 года. Усяго на гэты час пастаўлена больш за 120 тыс. трактароў. У асноўным гэта трактары магутнасцю 57 к.с. мадэлі "Беларус-510", якія карыстаюцца папулярнасцю ў мясцовых фермераў. "Пакістанскі фермер непатрабавальны, чым прасцейшая мадэль, тым лепш. Таму наш "Беларус-510" там запатрабаваны. Мы дапрацоўваем мадэлі па тых патрабаваннях, якія выстаўляюць пакістанскія фермеры, - устанаўліваем гідраруль, павялічваем магутнасць. Наш трактар па цягавай сіле перасягае замежныя аналагі амаль у 2 разы, 20 т цукровага трыснягу ён цягне без праблем", - растлумачыў Уладзімір Макаранка.

Як паведамлялася, на працягу апошніх васьмі гадоў аб'ём двухбаковага гандлю з Пакістанам вагаўся ў межах ад $50 млн да $120 млн у год. Асноўнымі крыніцамі экспарту з'яўляюцца трактары (адзін з асноўных рынкаў збыту па-за СНД), калійныя ўгнаенні, валокны сінтэтычныя, жгут сінтэтычных ніцей. Асноўныя крыніцы імпарту - рыс, палімеры стыролу, фрукты, прадукты харчавання, вырабы са скуры, тканіны, тэкстыль. У 2014 годзе аб'ём двухбаковага гандлю склаў $58,2 млн. Экспарт беларускіх тавараў у Пакістан - $42,6 млн (100,3 працэнта да 2013 года), імпарт - $15,6 млн (98,5 працэнта).

Мінскі трактарны завод заснаваны ў 1946 годзе. Уваходзіць у сістэму прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. Выпускае больш як 120 мадэлей і мадыфікацый трактароў і машын у больш як 200 выкананнях і камплектацыях для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. На працягу некалькіх гадоў завод захоўвае за сабой долю ў памеры 8-10 працэнтаў сусветнага рынку колавых трактароў. МТЗ вядзе актыўную дзейнасць на рынках больш як 60 дзяржаў і мае зборачныя вытворчасці ў Расіі, Азербайджане, Украіне, Казахстане, Кітаі, Румыніі, Егіпце, Сербіі, Алжыры, Венесуэле і іншых краінах. У складзе "МТЗ-холдынг" 11 прадпрыемстваў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі