Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

12 Жнв 2015

Мінтранс: Карыстацца сістэмай BelToll у Беларусі стане больш зручна

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апошнія змяненні заканадаўства, замацаваныя ўказам нумар 349 ад 10 жніўня, дадуць магчымасць павысіць зручнасць выкарыстання сістэмы BelToll у Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі, дзе пракаменціравалі новаўвядзенні, змешчаныя ў дакуменце.

"Змяненні заканадаўства накіраваны на павышэнне эфектыўнасці сістэмы BelToll і яе зручнасці для карыстальнікаў платных аўтамабільных дарог", - адзначылі спецыялісты.

Ва ўказе, напрыклад, прадугледжана распрацоўка і зацвярджэнне новага палажэння аб выдачы прадаўцом (юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам) часовых нумарных знакаў для аўтамабіляў, увезеных у Беларусь для продажу. Такія транспартныя сродкі масай да 3,5 т будуць вызвалены ад платы за праезд па платных дарогах пры дастаўцы іх да месца дзяржаўнай рэгістрацыі.

Таксама вызваляюцца ад платы за праезд увезеныя фізічнымі асобамі ў Беларусь транспартныя сродкі, не зарэгістраваныя ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш як 3,5 т (і буксіруемыя імі прычэпы) на працягу 10 дзён пасля ўвозу (або з моманту набыцця, калі яны ўвозяцца з тэрыторыі іншых дзяржаў ЕАЭС).

Указ таксама вызваляе ад збору за праезд па платных дарогах уладальнікаў аўтамабіляў, зарэгістраваных у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны (з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш як 3,5 т і буксіруемыя імі прычэпы). Падставай для адпаведнага вызвалення паслужаць рэгістрацыйныя знакі і пасведчанне аб рэгістрацыі аўтамабіляў у названых рэгіёнах.

"Мы разумеем, што ўкраінскія грамадзяне трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю з-за абвастрэння палітычнай абстаноўкі. З выданнем указа нумар 349 яны змогуць свабодна і без усялякай аплаты перамяшчацца па дарогах Беларусі", - канстатавалі спецыялісты. Пры гэтым яны адзначылі, што парушэнні, зафіксаваныя з 1 чэрвеня 2014 года за транспартнымі сродкамі з Луганскай і Данецкай абласцей (якія прывялі да платы ў павялічаным памеры або так званых штрафаў), будуць адменены. Разам з тым для грамадзян, якія заключылі дагавор з BelToll і плацілі з 1 чэрвеня 2014 года збор у звычайным рэжыме, вяртання сродкаў не прадугледжана. "Такім чынам, уносяцца дапаўненні ва ўказ нумар 420 "Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь", - адзначылі ў Мінтрансе.

У ведамстве таксама звярнулі ўвагу, што сярод іншых новаўвядзенняў дакумента - надзяленне Транспартнай інспекцыі правам запытваць і атрымліваць ад МПЗ і ДМК інфармацыю, у тым ліку аб рахунках уладальнікаў транспартных сродкаў.

Акрамя таго, указам унесены змяненні ў Правілы дарожнага руху, якія прадугледжваюць неабходнасць абсталявання вучэбных аўтамабіляў відэарэгістратарамі пры здачы экзаменаў.

BelToll (электронная сістэма збору платы за праезд, якая заснавана на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях) была ўведзена ў камерцыйную эксплуатацыю 1 жніўня 2013 года. З 1 жніўня 2014 года працягласць сеткі платных дарог у Беларусі вырасла на 256 км і склала 1189 км. Кіруе работай BelToll у Беларусі кампанія-аператар ЗТАА "Капш Тэлематык Сэрвісіз", у задачы якой уваходзяць забеспячэнне належнага функцыянавання сістэмы. Кантралюе спагнанне збораў на платных аўтамагістралях ДУ "Транспартная інспекцыя".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі