У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

15 Май 2015

Мінсельгасхарч Беларусі распрацоўвае стратэгію ўваходу ў федэральныя гандлёвыя сеткі ЗША

15 мая, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Мінсельгасхарч распрацоўвае стратэгію вываду беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў гандлёвыя сеткі ЗША федэральнага значэння. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Беларусі Аляксей Багданаў.

"Патэнцыял для нарошчвання супрацоўніцтва ў нас, безумоўна, ёсць. З амерыканскімі калегамі мы распрацоўваем стратэгію па вывадзе беларускай прадукцыі ў федэральныя гандлёвыя сеткі і спецыяльна пад гэты праект сумесна распрацоўваем гандлёвыя брэнды. Умоўна кажучы, сыр "Пашахонскі" будзе прадавацца пад новым брэндам, які спецыяльна створаць для амерыканскага рынку", - расказаў ён.

Кіраўнік упраўлення адзначыў, што цяпер прадукцыя з Беларусі прадаецца ў магазінах для эмігрантаў. "Мы не бачым вялікіх перспектыў у гэтым напрамку, таму што моладзь - дзеці папярэдняга пакалення - стала радзей іх наведваць", - удакладніў Аляксей Багданаў і дадаў, што паступова тавараабарот у такіх магазінах зніжаецца. Таму беларускі бок нацэлены на тое, каб сур'ёзна замацавацца на рынку праз сеткі федэральнага значэння.

З 17 па 23 мая адбудзецца візіт беларускай дэлегацыі на чале з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам у ЗША. У праграму візіту ўключаны сустрэчы з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі Злучаных Штатаў Алексіс Тэйлар, міністрамі сельскай гаспадаркі штатаў Вісконсін і Паўночная Дакота, губернатарамі штатаў Паўночная Дакота і Небраска, кіраўніцтвам сельскагаспадарчых ВНУ, прадстаўнікамі амерыканскага бізнесу, гандлёвымі кампаніямі, наведванне фермерскіх гаспадарак.

"Асноўны лейтматыў візіту - гэта развіццё мяса-малочнай жывёлагадоўлі: запланаваны наведванні буйнейшых племянных цэнтраў, азнаямленне з перадавымі распрацоўкамі ў галіне генетыкі, новымі падыходамі да ўтрымання і адкорму на мясных і малочных фермах", - расказаў Аляксей Багданаў, каменціруючы праграму наведвання. Ён таксама праінфармаваў, што бакі абмяркуюць адукацыйныя аспекты, у тым ліку павышэння кваліфікацыі кадраў, а таксама разгледзяць магчымасці навучання беларускіх спецыялістаў на базе амерыканскіх ВНУ і ферм.

Акрамя таго, на сустрэчы ў Міністэрстве гандлю ЗША і плануецца ўзняць пытанне дыверсіфікацыі беларускага экспарту. "Нас цікавіць не толькі імпарт высакаякаснага племяннога матэрыялу для айчыннай мяса-малочнай галіны, а менавіта пастаўкі беларускай прадукцыі на амерыканскі рынак", - канстатаваў Аляксей Багданаў.

За мінулы год прадпрыемствы Мінсельгасхарча экспартавалі ў ЗША тавараў на суму больш як $2,5 млн, што на 50 працэнтаў больш за ўзровень 2013 года. Нягледзячы на тое што доля паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі на амерыканскі рынак нязначная, экспарт за першы квартал бягучага года вырас на 22 працэнты (у параўнанні са студзенем-сакавіком 2014 года) і склаў $246,5 тыс. У ЗША з Беларусі пастаўляюць малочную і рыбную прадукцыю, хлебабулачныя, макаронныя і кандытарскія вырабы, сокі, віно і гарэлку, лён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс