4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Ашок Кумар па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам расказаў аб тым, якія тавары і прадукцыя ўяўляюць асаблівы інтарэс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён ацаніў праведзеную сустрэчу з кіраўніком беларускай дзяржавы як вельмі плённую. "Мы абмеркавалі практычна ўсе галіны двухбаковага ўзаемадзеяння, якія знаходзяцца ў сферы ўзаемнага інтарэсу. Вядома, першарадная ўвага была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі. Мы ўсведамляем, што ў гэтай сферы існуе вялікі патэнцыял, і яго мы збіраемся абмеркаваць у ходзе наступнага пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве", - адзначыў дыпламат.
У якасці канкрэтных перспектыўных сфер пасол назваў экспартныя пастаўкі ў Індыю БЕЛАЗаў, узаемадзеянне ў фармацэўтычнай галіне і вытворчасці медыкаментаў, у арганізацыі сумесных праектаў па вытворчасці малочных вырабаў. "Мы лічым, што ў Беларусі ёсць вельмі добры патэнцыял. У той жа час Індыя для Беларусі - вельмі шырокі, вялікі рынак. У сувязі з гэтым мы запрашаем беларускія кампаніі як мага актыўней заходзіць на наш рынак, у тым ліку інвесціраваць у сумесныя праекты", - сказаў Ашок Кумар.
Узаемны інтарэс, паводле яго слоў, уяўляюць таксама пастаўкі ў Індыю беларускай прадукцыі дрэваперапрацоўкі. "Гэта для нас вельмі цікава. Мы ведаем, што ў Беларусі ёсць шмат драўніны, вырабляецца выдатная мэбля. Не так даўно мы з губернатарам Віцебскай вобласці абмяркоўвалі перспектывы паставак беларускай драўніны і вырабаў з яе ў Індыю", - праінфармаваў дыпламат.

Акрамя таго, пасол абазначыў зацікаўленасць індыйскага боку ў нарошчванні паставак сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання з Беларусі. "У гэтай сферы мы маглі б працаваць. Індыя - вельмі вялікі рынак. Хацеў бы запрасіць беларускія кампаніі больш актыўна працаваць разам з індыйскімі партнёрамі ў гэтай сферы", - сказаў ён.
Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Індыі ў апошнія гады развіваецца з дадатнай для нашай краіны дынамікай. Па выніках 2024 года ўзаемны тавараабарот быў на ўзроўні каля $500 млн, павялічыўшыся на 14 працэнтаў у параўнанні з 2023-м. Аднак сальда складвалася не на карысць Беларусі - імпарт з Індыі перавышаў айчынны экспарт больш як на $64 млн.
За 9 месяцаў бягучага года гандаль таварамі перасягнуў узровень $605 млн, што амаль на 74 працэнты вышэй, чым за аналагічны перыяд 2024-га. Пры гэтым беларускі экспарт вырас у 2,7 раза - да $415 млн, і сальда склалася дадатнае.

Павялічваецца таксама аб'ём гандлю паслугамі. За мінулы год ён прадэманстраваў рост у 2,6 раза ў параўнанні з 2023-м, склаўшы амаль $125 млн, а за 9 месяцаў бягучага года вырас на 12 працэнтаў (у параўнанні з аналагічным перыядам 2024-га), дасягнуўшы амаль $90 млн.