6 лістапада, Мазыр /Кар. БЕЛТА/. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы будуць атрымліваць новую дарагую тэхніку і камбайны толькі на пэўных умовах. Самае важнае - эксплуатаваць такія машыны павінны кваліфікаваныя, прафесійныя спецыялісты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 лістапада ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па краіне ўжо сфарміравана структура аграгарадкоў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, створаных на базе былых калгасаў і саўгасаў. У асноўным гэта даволі вялікія гаспадаркі, што абумоўлена эканамічнымі фактарамі. "Маленькіх ужо няма, нават на Прыпяці. Калі трэба, узбуйняем", - сказаў Прэзідэнт.
Для работы на вялікіх участках, зразумела, патрэбна больш магутная тэхніка. І айчынныя прадпрыемствы асвоілі вытворчасць цэлага шлейфа сельгасмашын і камбайнаў. Аднак толькі наяўнасць сучаснай тэхнікі не дае гарантаванага рэзультата. "Патрэбны людзі - дасведчаныя, кваліфікаваныя. Таму сказана ўсім кіраўнікам: з "Гомсельмаша" ніводнага камбайна не атрымаеце, пакуль не будзе канкрэтны чалавек, які на ім будзе працаваць, - вельмі дасведчаны механізатар. Ён павінен быць на ўзроўні інжынера", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Існуе, вядома, і ператок кадраў, калі людзі з вёсак у пошуку больш даходнай работы ўладкоўваюцца ў суседнія гарады, на вялікія прадпрыемствы. І ў вёсцы сутыкаюцца з сітуацыяй, калі не хапае спецыялістаў, здольных кіраваць сучаснай магутнай сельгастэхнікай. Тут на дапамогу ў забеспячэнні кадрамі павінны прыйсці тыя самыя гарадскія прадпрыемствы, якія па-свойму маюць дачыненне да дэфіцыту кадраў у вёсцы. Калі тлумачыць на прыкладзе Гомельскай вобласці, то НПЗ або мясцовы дарожна-будаўнічы трэст павінны прадаставіць з ліку сваіх супрацоўнікаў кваліфікаваных спецыялістаў, якія могуць на час уборачнай кампаніі папрацаваць у сельгаспрадпрыемствах. "З ім (з такім спецыялістам. - Заўвага БЕЛТА) заключыць дагавор: вось табе камбайн. Табе захоўваецца ў час уборкі сярэдняя зарплата (на асноўным месцы работы. - Заўвага БЕЛТА) і тут ты зарабляеш тое, што трэба. Месяц, паўтара, ад сілы два ты папрацуй на гэтым камбайне. Але ты нясеш за яго адказнасць персанальную і твой кіраўнік", - абазначыў магчымую схему работы Аляксандр Лукашэнка.
Такая ўвага з боку кіраўніка дзяржавы да захаванасці тэхнікі і яе эфектыўнага выкарыстання тлумачыцца даволі проста. Кошт такіх машын даходзіць да паўмільёна долараў, таму аддаваць іх агулам у сельгаспрадпрыемствы, дзе некаторыя работнікі да гэтага часу жывуць па прынцыпе "з раніцы выпіў - дзень прагуляў", проста недапушчальна, упэўнены Прэзідэнт. "Будзем дапамагаць, але пад кожнага чалавека - каб быў механізатар, які павінен працаваць", - так кіраўнік дзяржавы абазначыў умовы прадастаўлення тэхнікі.
"Вось калі будзе такі чалавек, тады вы атрымаеце збожжаўборачны камбайн і КСК (камбайн самаходны кормаўборачны. - Заўвага БЕЛТА). І барані вас бог, калі гэты парадак будзе парушаны. Будзе размова, як у Віцебску. І рашэнні будуць жорсткія. У Гомелі далёка не лепш, чым у Віцебску", - дадаў кіраўнік дзяржавы.


Паводле слоў Прэзідэнта, ад розных людзей, у тым ліку службовых асоб, ён часта чуе скаргі на недахоп рабочых рук, асабліва ў рэгіёнах. Аднак Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што праблема ўсё ж не столькі ў колькасці, колькі ў якасці. "Іван Іванавіч (Крупко, старшыня Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага БЕЛТА) гаворыць, што людзей не хапае, старшыня Мазырскага райвыканкама... Усё гэта, хлопцы, брахня. Усяго ў нас хапае. У нас не хапае толькі аднаго - дысцыпліны і парадку", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Любы кіраўнік павінен пачынаць парадак наводзіць, дысцыпліну. Не толькі і не столькі кулаком і загадамі, а па закону, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Планёрку правёў у дарожна-будаўнічым трэсце, напрыклад, заданне напісаў. Вось табе заданне - ідзі працуй. Не выканаў - прымай рашэнне па ім". У такім выпадку нават калі нехта з работнікаў, парушаючы дысцыпліну, вырашыць звярнуцца ў суд са скаргамі на дзеянні кіраўніцтва, то наўрад ці там знойдзе падтрымку.
"Людзей трэба берагчы. І каб іх зберагчы (на Палессі яшчэ ёсць людзі), іх трэба задзейнічаць належным чынам. Планёрку правёў, "занарадзіў" (даў нарад. - Заўвага БЕЛТА) людзей пісьмова... Вось нарад - ідзі, працуй. Не зрабіў - з цябе кіраўнік скуру здзярэ. Калі здзярэ, ужо не паскардзішся", - растлумачыў Прэзідэнт, дадаўшы, што кіраўнікам нават пры наяўнасці шырокіх паўнамоцтваў "нельга разбойнічаць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу патрабуе строгага захавання тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны на ўсіх узроўнях - ад кіраўнікоў да простых работнікаў. "Дыктатура тэхналогій. Калі трэба плюшчыць (зерне кукурузы. - Заўвага БЕЛТА) і ў рукаў кансерваваць, значыць, трэба кансервант унесці так, каб не гніллё атрымалася", - адзначыў ён.
"Хлопцы, гэта не таму, што ў нас тут дыктатура і я крыважэрны чалавек. Я заўсёды гавару: лепш тут працаваць, масты будаваць, чым там (у зоне ваеннага канфлікту. - Заўвага БЕЛТА) цялёпкацца ў гразі напаўгалодным, а яшчэ і пад кулі трапіць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Гэта вельмі важна - дысцыпліна". Прычым патрабаванні Прэзідэнта абсалютна дарэчы, ідуць, што называецца, ад жыцця. "Я ж зямны чалавек, я разумею: людзі, іх трэба падтрымаць, абараніць. Але распусціліся зусім: "А, бацька прыйдзе, тут усё зробіць". Ды не буду я рабіць тое, чаго не павінен рабіць. Людзі павінны хаця б за сябе (паклапаціцца і забяспечыць. - Заўвага БЕЛТА), за сваю сям'ю, за дваіх дзяцей, трэці - мой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.