19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу расказаў, як Беларусь сумесна з Расіяй значна рушыла наперад у галіне мікраэлектронікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў мікраэлектроніцы Беларусь дзякуючы сумеснай рабоце з расіянамі забяспечыла сапраўдны прарыў. "Дзякуючы сумеснай вытворчасці мы пачалі значна рухацца наперад у мікраэлектроніцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі расказаў аб адной са сваіх сустрэч з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, у час якой і зайшла размова аб мікраэлектроніцы. Гэта пытанне было ўзнята з улікам санкцый, што былі ўведзены супраць Расіі.
"У Беларусі мы - дакладна ведаю - усе прадпрыемствы мікраэлектронікі захавалі. Але, у асноўным, гэта ў нас "Інтэграл". Я гавару (Уладзіміру Пуціну. - Заўвага БЕЛТА): "Давай разбяромся". Ён гаворыць: "Мы гатовы інвесціраваць любыя грошы, але толькі каб і касмічныя караблі, і іншыя ракеты ляталі", - падзяліўся дэталямі размовы Аляксандр Лукашэнка.
Пасля вяртання ў Беларусь кіраўнік дзяржавы наведаў выстаўку, дзе прадстаўнікі айчыннага прадпрыемства "Інтэграл" расказалі аб сваіх распрацоўках. Аляксандр Лукашэнка пераказаў дыялог з Уладзімірам Пуціным аднаму з канструктараў "Інтэграла". "Дарослы чалавек: слухаў-слухаў - гляджу, чагосьці ўсміхаецца. Ён бярэ мяне за руку: "Аляксандр Рыгоравіч, перадайце свайму сябру і старэйшаму брату, што няхай не перажывае. Сем нанаметраў, 90 нанаметраў - спытайце, куды ўвапхнуць, у якое крыло самалёта або ракету, нашы нанаметры". І тады пачалася вельмі інтэнсіўная работа", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Такім чынам, адзначыў ён, расіяне пачалі інвесціраваць у сферу мікраэлектронікі, дзе былі пастаўлены сур'ёзныя і амбіцыйныя задачы: "Каб усё можна было ўвапхнуць у крыло самалёта і ракету, каб усё лятала, і мы менш адчувалі залежнасць ад Захаду".
Разам з тым беларускі лідар упэўнены, што гэту галіну неабходна развіваць і далей. "Амерыканцы думалі, што не будуць нам пастаўляць гэтыя элементы - мы загінем. Ні мы, ні Расія - ніхто не загінуў. Так, трэба напружвацца. Трэба паглыбляцца, пашыраць гэту вытворчасць", - сказаў Прэзідэнт.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пасля гэтага збеглыя падказалі Захаду аб увядзенні санкцыі ў адносінах да "Інтэграла". "Яго сапраўды пачалі душыць больш, чым якое іншае прадпрыемства. Таму што разумелі: калі мы забяспечым тут незалежнасць па ракетнай і самалётнай вытворчасці... А без гэтага нельга, - упэўнены ён. - Не збераглі б мы гэтыя прадпрыемствы, размоў на гэту тэму не было б. А гэта, аказваецца, запатрабавана вельмі".