18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, паставіў задачу павялічыць уклад турызму ў эканоміку краіны мінімум у два разы ў бліжэйшае пяцігоддзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў турызм як адзін з важных пунктаў прыросту эканомікі. "Актуальнасць стварэння моцнага брэнда беларускага турызму, думаю, тлумачыць не трэба. Як і тое, што гэта сфера можа стаць магутным інструментам пашырэння іміджу Беларусі як адкрытай і гасціннай краіны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Задача на будучае пяцігоддзе - павялічыць уклад турызму ў эканоміку мінімум у два разы".
І для гэтага ёсць усё, канстатаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што кожны куток Беларусі мае сваё аблічча і сваю самабытнасць. Мінск - унікальная сталіца сусветнага ўзроўню. Брэстчына - гэта не толькі легендарная крэпасць-герой і старадаўняя Белавежская пушча, але і душа беларускага Палесся. Віцебск - культурны і фестывальны цэнтр краіны. Гомельская вобласць прываблівае турыстаў палацава-паркавымі ансамблямі і самабытнай народнай культурай. Магілёўская зямля - гэта гаючыя крыніцы і ўнікальныя краязнаўчыя музеі, а Гродзенская вобласць - край замкавай архітэктуры.
Аднак ад турыстаў ёсць нараканні наконт адсутнасці сэрвісу па ўсім ланцужку паслуг і суправаджэння ў лічбавым выглядзе: браніраванне жылля, набыццё білетаў, пошук маршрутаў, заказ экскурсій. "Адсутнасць такога камфорту - гэта страта патэнцыяльнага госця. Усе рашэнні ў галіне па прапановах урада прыняты. Пачынайце распрацоўку паўнацэннай айчыннай турыстычнай платформы", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Асобныя даручэнні кіраўніка дзяржавы прагучалі для кіраўнікоў мясцовай вертыкалі. "Ва ўмовах ажыятажнага попыту ўжо ўчора трэба было пашыраць нумарны фонд санаторыяў, будаваць новыя гасцініцы, асабліва ў раённых цэнтрах. Губернатары на гэта глядзяць збоку і нечага чакаюць. Не можаце самі, прыцягвайце да работы прыватныя структуры", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вам трэба больш актыўна развіваць турыстычныя паслугі праз нашы пасольствы, дылерскія цэнтры і нават больш агрэсіўную рэкламу. Нагрузіце гэтай работай паслоў. Яны пакуль асабліва не перапрацоўваюць", - дадаў Прэзідэнт.