23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы, накіраваныя на развіццё гандлёва-эканамічных адносін з шэрагам краін. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўніком дзяржавы падпісаны закон аб ратыфікацыі пагаднення аб эканамічным партнёрстве паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Гэты міжнародны дагавор накіраваны на спрашчэнне ўзаемнага гандлю і развіццё супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і ААЭ. Яго рэалізацыя дасць магчымасць атрымаць дадатковую канкурэнтную перавагу для прадукцыі ЕАЭС, стварыць умовы для пашырэння экспартных паставак.
Прэзідэнт таксама падпісаў закон, які прадугледжвае ратыфікацыю часовага гандлёвага пагаднення паміж ЕАЭС і Манголіяй, накіраванага на спрашчэнне ўзаемнага гандлю.
Акрамя таго, ратыфікаваны мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадамі Беларусі і Нігерыі аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах. Дакумент замацоўвае асноўныя прынцыпы і формы такога супрацоўніцтва, парадак аказання ўзаемнай дапамогі і ўзаемадзеяння мытных органаў па спыненні і расследаванні мытных правапарушэнняў.