У лістападзе 2023 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочай паездкай Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. Тады кіраўнік дзяржавы не толькі наведаў прынятую ў эксплуатацыю атамную электрастанцыю, але і азнаёміўся з сацыяльным і эканамічным развіццём рэгіёна. Пабываў ён і ў цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы, дзе нечакана паспытаў свой любімы ласунак, абавязковы "допінг" для донараў крыві - гематаген. Дзе ў Беларусі вырабляюць гэты карысны батончык і што абавязкова павінна быць у яго саставе, расказваем у праекце БЕЛТА "Па факце: спецыяльны рэпартаж".
Гематаген - біялагічна актыўная дабаўка да ежы, створаная для прафілактыкі і лячэння жалезадэфіцытнай анеміі, - быў вельмі папулярны сярод савецкіх школьнікаў. Сусветную вядомасць гэты ласунак так і не набыў, а вось жыхары постсавецкіх краін любяць яго да гэтага часу.
Праўда, гематаген як лекавы сродак вынайшлі не ў Савецкім Саюзе. Першапачаткова гэта было звычайнае вадкае лякарства. З'явілася яно ў 1890 годзе ў Швейцарыі дзякуючы намаганням доктара Адольфа Гомеля. Сродак, у састаў якога ўваходзілі бычыная кроў і яечны жаўток, выкарыстоўвалі для лячэння анеміі. Гэты прэпарат паказаў высокую эфектыўнасць у тым ліку і ў гады Першай сусветнай вайны. Урачы звярнулі ўвагу на тое, што пры ўжыванні гематагену параненыя салдаты і дзеці, чыё здароўе было падарвана з-за недаядання, аднаўлялі сілы хутчэй.

У СССР сваю вытворчасць усё яшчэ вадкага лякарства, а не такога прывычнага нам батончыка, наладзілі пасля 1917 года. Яно прызначалася для салдат Чырвонай Арміі і іх дзяцей.
У час Другой сусветнай вайны многія фармацэўтычныя вытворчасці СССР эвакуіравалі ў сярэднеазіяцкія рэспублікі. А да гэтага выпуск гематагену быў наладжаны ў Кіеве - і не толькі ў выглядзе мікстуры, але і пліткі. Тут жа, у сярэдняй Азіі, была створана вялікая колькасць шпіталяў, а таму гематаген хутка дастаўляўся тым, каму ён быў неабходны для выздараўлення.
Дзеці, якія перажылі страшную вайну і народжаныя ў хуткім часе пасля яе, былі слабымі. Гематаген выдатна ўмацоўваў здароўе, але з-за непрыемнага смаку малышы не хацелі яго есці. Давялося зрабіць лякарства салодкім і памяняць форму - так з'явіўся той самы батончык. Найбольшы поспех у народзе заваяваў "Гематаген дзіцячы". У адпаведнасці з ДАСТам у яго састаў уваходзілі 4-5 працэнтаў чорнага харчовага альбуміну, 30-35 працэнтаў згушчанага малака, 40 працэнтаў цукру, каля 20 працэнтаў патакі, ванілін. Купіць смачнае лякарства можна было ў любой аптэцы.
У той час дазволіць сабе шакалад або цукеркі мог не кожны, а таму гематаген бралі ў якасці прысмаку да чаю, пачастунку. У ім спалучаліся таннасць і вялікая карысць - адна плітачка гематагену гарантавала сутачную норму жалеза. А вось у ЗША і Еўропе карысны ласунак не знайшоў сабе месца - не было ні асаблівага інтарэсу да яго, ні мэтазгоднасці вытворчасці. Ды і шакалад тут быў куды больш даступным, чым у СССР.
"Самы любімы ласунак, - заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання бальніцы ў Астраўцы. - Кажуць, ён ужо не такі, як у савецкі час".
Тэхналогія такая ж, запэўнілі Прэзідэнта. Што ж, давайце праверым.
Каб даведацца аб асаблівасцях вытворчасці гематагену, мы прыехалі на прадпрыемства "Белтэя". Яно размясцілася ў вёсцы Гарохаўка, што знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці пад Бабруйскам.
Некалі тут была школа. Пустуючы будынак выкупілі за адну базавую велічыню, і цяпер тут вырабляюць у тым ліку і гематаген.
"Мы вырабляем некалькі відаў гематагену. З какосам, у кандытарскай глазуры, гематаген-экстра, дзіцячы гематаген і гематаген БАД", - увёў у курс справы галоўны інжынер ТАА "Белтэя" Юрый Кулівец. Яшчэ ёсць батончыкі з фундуком і са смакам вішні.

За змену на прадпрыемстве вырабляюць 25-30 тыс. батончыкаў гематагену. У іх аснове - какосавая стружка. Яшчэ ў саставе ёсць патака, цукар, ялавічны гемаглабін. На вытворчасці звяртаюць увагу: альбумін у рэцэптуры адсутнічае.
"Гемаглабін ялавічны праходзіць больш дасканалую ачыстку. Ён лепш засвойваецца ў арганізме чалавека. Таму было прынята рашэнне, што мы будзем выкарыстоўваць гемаглабін ялавічны", - растлумачыла намеснік дырэктара ТАА "Белтэя" Таццяна Грышчанка.

Усе інгрэдыенты змешваюцца ў цестамясільнай машыне пэўную колькасць часу. Але не ўсё так проста: кампаненты дабаўляюцца па строгай тэхналогіі.

"Калі дабаўляцца вада і патака, гэты момант галоўнае не прапусціць, каб не атрымалася маса ў выглядзе бліна. Таму кожны раз паднімаецца машына, аператар бярэ масу рукамі і глядзіць на кансістэнцыю", - растлумачыла намеснік дырэктара прадпрыемства.

Маса паступае на экструдар, і далей фарміруюцца батончыкі. Гаспадыні зразумеюць: працэс падобны да работы мясарубкі. На стужцы - пяць ручаёў з зададзенымі параметрамі. У кожнага павінна быць пэўная даўжыня, паколькі ад гэтага залежыць, наколькі правільна іх пакрыюць глазурай.
Потым батончык даходзіць да глазуратара і, адпаведна, пакрываецца глазурай. Аператар сочыць, каб прадукт "выкупаўся" ў шакаладзе поўнасцю. Далей батончык паступае ў халадзільны тунэль.
"Ён праходзіць па халадзільным тунэлі недзе каля сямі мінут. Даволі хутка ахалоджваецца і выходзіць на ўпакоўку. Там ужо аператары збіраюць, лічаць колькасць батончыкаў, складаюць у групавыя ўпакоўкі", - расказала Таццяна Грышчанка.

Асноўны рынак збыту для гэтай прадукцыі - Беларусь. Таксама прадпрыемства экспартуе гематаген у Расію, Грузію, Манголію, Канаду, Латвію. Асвойваюцца і новыя рынкі.

"Праведзена вялікая работа па выхадзе на рынак цэнтральна-азіяцкіх рэспублік. Ад нашых партнёраў ва Узбекістане да нас паступіў запыт на вытворчасць гематагену па асаблівай рэцэптуры ў сувязі з тым, што гэта ісламская краіна і ў іх ёсць свае патрабаванні. Мы гэтыя патрабаванні поўнасцю задаволілі, атрымалі станоўчы водзыў, прайшлі ўсе неабходныя працэдуры, і ў бліжэйшы час у нас чакаецца першая пастаўка на рынак Узбекістана. Паралельна мы маніторым рынак Казахстана і вывучаем магчымасць экспартаваць у Казахстан", - адзначыў галоўны інжынер "Белтэі" Юрый Кулівец.
Гематаген - дадатковая крыніца жалеза. Ён павышае гемаглабін, умацоўвае імунітэт і паляпшае абмен рэчываў. У часы СССР гэты карысны ласунак быў вельмі папулярным. Цяпер, калі існуе трэнд на здаровы лад жыцця, гематаген зноў пачаў умацоўваць свае пазіцыі на паліцах аптэк і магазінаў.