21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмы ўсіх навуковых работ павінны адпавядаць часу і актуальным патрэбнасцям эканомікі і сацыяльнай сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як мяне інфармуюць, дысертацыйныя працы далёка не заўсёды адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Тэмы ўсіх навуковых работ павінны адпавядаць часу і актуальным патрэбнасцям эканомікі і сацыяльнай сферы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў адзін з нядаўніх прыкладаў: "У адным са зваротаў, якія мне паступілі, тэма - "Метад педагагічнага маўчання як сродак развіцця пазнавальнай самастойнасці замежных студэнтаў". Наколькі гэта актуальна і прымяняльна потым у педпрактыцы або ў жыцці, цяжка сказаць. І такіх выпадкаў нямала. Асабліва ў гуманітарнай сферы".


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на той факт, што адна і тая ж тэматыка можа пад рознымі соусамі перапісвацца з дысертацыі ў дысертацыю. А часам навуковыя работы і зусім змяшчаюць яўны плагіят, што, паводле слоў Прэзідэнта, недапушчальна.
"Вам, Аляксандр Яўгенавіч (старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок. - Заўвага БЕЛТА), даручалася ў свой час навесці парадак з атэстацыяй навуковых кадраў і забяспечыць аб'ектыўны падыход да працэсу абароны дысертацый. Дзейнічайце, гэта актуальна і сёння. Вы дзейнічаеце правільна, але не трэба ўсё ператвараць у пракурорскі нагляд - гэта ж вучоныя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці аднаго з рашэнняў абазначанай праблемы Прэзідэнт прапанаваў наступны варыянт. "Няхай галіновы міністр узгадняе тэмы дысертацый. Асобныя, або ўсе, або неяк яшчэ - паглядзіце. Нам прасцей будзе іх фінансаваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы і даручыў прапрацаваць гэта пытанне.