31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўказаў на недахопы і шэраг негатыўных тэндэнцый у знешнім гандлі Беларусі. Адпаведныя заявы ён зрабіў на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі вырабляюць патрэбную людзям прадукцыю дастойнай якасці па справядлівай цане, а таму попыт на яе будзе заўсёды. "Але ад нас патрабуецца тактычная гібкасць, пастаянная актуалізацыя нашай знешнегандлёвай палітыкі", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка прывёў шэраг лічбаў і фактаў. У самы складаны перыяд - з 2020 па 2023 год - былі максімальныя паказчыкі якасці знешняга гандлю. У 2022 годзе рэкорднае дадатнае сальда - $4,3 млрд, амаль 6 працэнтаў ВУП.
"А далей "паплылі"... У мінулым годзе ўжо мінус больш як мільярд долараў, за пяць месяцаў бягучага - амаль $800 млн у мінусе. Я хачу, каб наш новы і часткова стары ўрад аб гэтым не забываў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Пры гэтым імпарт прадаўжае расці. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне перад урадам: "Атрымліваецца, у нашых прадпрыемстваў цяжкасці з разгрузкай складоў, разлікамі і лагістыкай толькі пры экспарце, а пры ўвозе замежнай прадукцыі іх няма? Або імпартуе прыватнік, а экспартуе дзяржкампанія без асаблівага жадання напружвацца?"
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што замежныя контрагенты выкарыстоўваюць усе магчымасці зарабіць - і на пастаўках у Беларусь, і на закупках беларускай прадукцыі.
Ёсць у Аляксандра Лукашэнкі пытанні не толькі да экспарту тавараў, але і паслуг: "Чаму ў нас тэмп экспарту тавараў у 2024 годзе адносна 2020 года быў амаль 140 працэнтаў, а паслуг - толькі 112 працэнтаў? Не трэба ўсё зводзіць да айцішнікаў, тым больш што па камп'ютарных паслугах у гэтым годзе рост аднавіўся (плюс $71 млн)".
Асобныя даручэнні дадзены па рабоце транспартнай галіны. "Закрылі рынак ЕС для нашых транспартнікаў? Дык у нас цяпер гэты ж тавар трэба дастаўляць у разы далей - у тую ж Расію, Кітай, Афрыку! - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ураду неабходна нарэшце разабрацца, у чым праблема: нашы лагістычныя кампаніі не могуць сфарміраваць канкурэнтныя тарыфы або нашы дырэктары прадаўжаюць прадаваць "ад агароджы" і грузіць на замежны транспарт?"
"Мы павінны максімальна пакінуць сабе валютную выручку па ўсім ланцужку - ад транспартных і страхавых паслуг да фасоўкі і дробнааптовых продажаў. Выпрацуйце дзейсныя меры пераходу на сістэму экспарту на больш далёкіх базісных умовах паставак з максімальным задзейнічаннем нашых лагістычных кампаній і перавозчыкаў там, дзе гэта выгадна. Цяпер кожная капейка лічыцца", - даручыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама канстатаваў, што ў галіновым і геаграфічным разрэзе вынікі дыверсіфікацыі экспарту далёкія ад аптымальных. Па асобных сектарах станоўчыя зрухі відавочны: за тры апошнія гады нарасцілі экспарт у сферы машынабудавання на $3 млрд, прадуктаў харчавання - амаль на $2 млрд, лёгкай прамысловасці - прыкладна на $300 млн. Але ў іншых ключавых галінах сур'ёзныя страты. Мінус па паліўна-энергетычных таварах - амаль $2 млрд, па хімічнай прадукцыі - $1 млрд, па дрэваапрацоўцы - амаль $1 млрд, па металапрадукцыі - $250 млн.
"Тлумачэнні мы чулі. Але чаму ўрадам да гэтага часу не прыняты дзейсныя меры па пераарыентацыі таварных патокаў? Не можам - значыць, трэба мяняць наменклатуру, перабудоўваць вытворчасць. Прымяняць новыя фінансавыя інструменты (грошы на гэта ў нас ёсць). Аператыўна ўнясіце канкрэтныя прапановы!" - патрабуе кіраўнік дзяржавы.