29 мая, Астана /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць выпраўляць сітуацыю ў прамысловай палітыцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Напрамак прамысловай палітыкі ў рамках ЕАЭС яўна кульгае, і Еўразійскай эканамічнай камісіі, усім нам трэба гэту сітуацыю выпраўляць. Механізм стымулявання кааперацыі запушчаны, але маштаб і эфект пакуль нязначныя. Не можам знайсці дастойныя саюзныя праекты. Адначасова ствараем дубліруючыя вытворчасці, а потым іх адзін ад аднаго усімі сіламі абараняем. У тым ліку ствараючы бар'еры, якія супярэчаць не толькі прынятым намі рашэнням, але і духу ўтварэння нашага саюза", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы для прыкладу спыніўся на такой галіне, як аўтамабілебудаванне. "На заранку стварэння саюза гаварылі аб сумесным прыцягненні інвестыцый у развіццё кампанентнай базы. А цяпер што адбылося? Кожны закрыўся так, што мыш не праскочыць. Стаўкі ўтылізацыйных збораў хутка перасягнуць кошт саміх машын. Я гавару пра наш саюз! Навошта мы гэта робім, пра які саюз можна гаварыць?" - задаў заканамернае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў ліку дакументаў, вынесеных на падпісанне ў рамках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, - пратакол аб унясенні змяненняў у дагавор у частцы распаўсюджвання мер фінансавага садзейнічання на кааперацыйныя праекты ў аграпрамысловым комплексе. "Прадукцыя такіх сумесных праектаў павінна стаць для простых грамадзян бачным увасабленнем еўразійскай інтэграцыі і стымуляваць рост нашых эканомік", - падкрэсліў ён.