Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

22 Сак 2019

Лукашэнка даручыў узяць на кантроль пытанні цэн і ўзроўню зарплат

Лукашэнка даручыў узяць на кантроль пытанні цэн і ўзроўню зарплат

22 сакавіка, Баранавічы /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць на кантроль пытанні цэн і ўзроўню зарплат. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з актывам горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да свайго прыезду ў Брэсцкі рэгіён ён даручыў правесці сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі, што людзей больш за ўсё хвалюе рост цэн.

"Я на гэта звяртаю асаблівую ўвагу. Я даручыў кіраўніку Адміністрацыі неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту цэн і заработнай платы", - заявіў беларускі лідар.

"Цэны, выплата зарплат, рабочыя месцы і памер заработнай платы і пенсій", - пералічыў Прэзідэнт пытанні, якія даручана трымаць на кантролі.

Ён звярнуў увагу: мала таго, што не заўсёды ёсць магчымасць плаціць вялікую зарплату, якая ў цэлым задавальняла б работнікаў, але часам не заўсёды яна выплачваецца ў тэрмін. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці па стане на 1 сакавіка апошняй абазначанай праблемы няма.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як зарплаты, так і пенсіі ў першую чаргу залежаць ад эканамічнага развіцця і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Неабходны ініцыятыва і намаганні на месцах. "Вырабіў тавар - прадаў - плаці зарплату. Ніхто не перашкаджае. Я ж у вас не адбіраю. Але калі нехта думае, што мы будзем плаціць заработную плату тым, хто сёння "шалтай-балтай" працуе і зарабляе там Br600-700, як пішуць, а мы будзем даплачваць да Br1100, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у некага грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!" - заявіў ён.

Адначасова Прэзідэнт запэўніў, што тым, хто аб'ектыўна трапіў у складаную сітуацыю, будзе аказана падтрымка. "Калі я сапраўды ўбачу, што вы ў складаную сітуацыю трапілі, мы, вядома ж, вам дапаможам у гэтым плане. Але калі гэта расхлябанасць і непарадак, калі нехта на месцах - кіраўнікі і калектыў - не варушыцца, вы не разлічвайце, калі ласка, на тое, што Прэзідэнт у некага забярэ, а вам нешта дасць", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Аналагічна падтрымка і фінансаванне будзе выдзяляцца на перспектыўныя праекты. "Калі вы вырашылі адкрыць супервытворчасць, якая заўтра акупіцца, і ёсць у вас праект - добра, я гатовы падтрымліваць. Прапануйце гэтыя праекты будучыні", - запэўніў ён.

Гаворачы аб праведзеных у рэгіёне напярэдадні рабочай паездкі даследаваннях на эканамічную і палітычную тэматыку, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падрабязна азнаёміўся з іх вынікамі. "Яны маюць пакуль закрыты характар. Я не скажу, што я не задаволены", - сказаў ён.

"Я чую не толькі тыя 80 працэнтаў насельніцтва Брэсцкай вобласці і, у прыватнасці, Баранавіч, якія ўвогуле станоўча ставяцца да Прэзідэнта, але і тыя 20 працэнтаў, якія не вызначыліся яшчэ да гэтага часу ў стаўленні да Лукашэнкі або не падтрымліваюць Прэзідэнта. Я вас не дзялю, усе вы мае людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Даручана трымаць на кантролі кожнае пытанне, якое абазначана грамадзянамі. "Нічога тут адрознага ад нядаўняй "Вялікай размовы" (ад тэматыкі праблемных пытанняў, што паступілі. - Заўвага БЕЛТА) няма. У гэтым рэчышчы людзі звяртаюцца і да мяне, і да ўлад. Але ўвогуле сітуацыяй я задаволены - тым, як ацэньваюць людзі тут уладу. І не толькі Прэзідэнта, але і ўсю вертыкаль. І губернатара, і аблвыканкам больш за палову ацэньвае станоўча, што рэдка бывае. І кіраўніцтва Баранавіцкага раёна і Баранавіч палова прыкладна станоўча ацэньвае. Гэта ўжо добра, таму што вы твар у твар з людзьмі", - адзначыў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі