Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

31 Кст 2025

Лукашэнка даручыў тыражаваць у Беларусі невялікія вытворчасці па перапрацоўцы драўніны

Лукашэнка даручыў тыражаваць у Беларусі невялікія вытворчасці па перапрацоўцы драўніны

31 кастрычніка, Лепельскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў тыражаваць у Беларусі невялікія вытворчасці па перапрацоўцы драўніны. Адзін з такіх новых цэхаў кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі ў Лепельскім раёне ў час наведвання вёскі Домжарыцы - цэнтральнай сядзібы Бярэзінскага біясфернага запаведніка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб праведзенай мадэрнізацыі дрэваапрацоўчага цэха, устаноўцы новых вытворчых ліній, за кошт чаго плануецца істотна палепшыць вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці. Як чакаецца, аб'ёмы перапрацоўкі павінны ўзрасці з 43,7 тыс. куб.м да амаль 61 тыс. куб.м у год, рост прыбытку плануецца больш як у 3,5 раза, рэнтабельнасці - з 10 працэнтаў да 19 працэнтаў. Экспарт павінен павялічыцца з $1,8 млн да $3 млн. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі выгадныя экспартныя пастаўкі і ці дастаткова рынкаў збыту, ці карыстаецца попытам вырабляемая прадукцыя. Яго запэўнілі, што продажы на знешнія рынкі даюць магчымасць прадпрыемству атрымліваць добры прыбытак. Цяпер прадукцыя прадаецца ў тым ліку ў Азербайджан, Узбекістан, Таджыкістан, Кітай. Паводле падлікаў спецыялістаў, тэрмін акупнасці праекта па мадэрнізацыі - 3,5 года.

"Такія вытворчасці трэба тыражаваць. І пад гэта ты (Юрый Назараў, кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) павінен атрымаць пазыку пад смешны працэнт. Гэта і не шкада. Таму што акупнасць высокая. Галоўнае - рэалізацыя ідзе, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Чаму не рабіць? Віцебскую вобласць трэба натыкаць такімі вытворчасцямі".

Тут у тым ліку наладзілі вытворчасць драўляных вырабаў, якія запатрабаваны ў побыце. Напрыклад, кухонныя дошкі. Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з майстрамі, падкрэсліўшы, што важна забяспечыць пераемнасць і падрыхтоўку вучняў.

У гэтым плане ён нагадаў аб "Белмастацпромыслах", якія ў мінулым перадалі пад крыло Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. З боку апанентаў тады ў сувязі з гэтым было нямала крытыкі, але гэта рашэнне Прэзідэнта дало магчымасць захаваць унікальныя беларускія промыслы. А галоўнае - майстроў.

"Толькі яны гэта ўмеюць рабіць. Я падумаў, што трэба іх захаваць. Гэтыя мярзотнікі мяне крытыкавалі: "Ён забраў сабе "Белмастацпромыслы". А вы ведаеце, што такое "Белмастацпромыслы"? Гэта знікаючая (была. - Заўвага БЕЛТА) вытворчасць. А гэта патрэбна будзе заўсёды. А хто гэта зробіць? Яны (майстры. - Заўвага БЕЛТА). А сыдуць яны - іх вучні", - сказаў беларускі лідар.

Бярэзінскі біясферны запаведнік займаецца ў тым ліку лесагаспадарчай дзейнасцю. Штогод тут нарыхтоўваюць 100 тыс. куб.м драўніны з усіх відаў высечак. Лесааднаўленне праводзіцца на плошчы больш за 120 га.

Лагічным прадаўжэннем гэтай дзейнасці стала развіццё дрэваапрацоўкі. У верасні 2024 года завершана будаўніцтва сушыльнага комплексу на чатыры сушыльныя камеры. А ў гэтым годзе ўведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці садова-паркавай мэблі, лінія сартавання круглых лесаматэрыялаў, лінія па вытворчасці абразных піламатэрылаў на базе круглапільных станкоў, цэх па аптымізацыі і зрошчванні піламатэрыялаў і вытворчасці профільнага паганажу, участак па вытворчасці паддонаў.

Такім чынам цалкам абноўлена вытворчая база запаведніка. Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў дала магчымасць больш рацыянальна выкарыстоўваць драўніну пры перапрацоўцы, захоўваць дынаміку росту прамысловай вытворчасці, выпускаць прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі