19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расійскі ракетны комплекс "Арэшнік" больш як напалавіну беларускай вытворчасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Аб ракетабудаванні было тут сказана. Нікуды не дзенемся - абараназдольнасць павінна быць. Сёе-тое мы ўжо навучыліся рабіць у ракетабудаванні. Вось мы гаворым: "Арэшнік", "Арэшнік"... Я неяк увагі не звяртаў, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін мне сказаў: "Ты хоць ведаеш, што "Арэшнік" - гэта большая палавіна беларускай вытворчасці". Кажу: "Ды бог з табой, першы раз чую", - адзначыў беларускі лідар.
"Аказваецца, толькі ракета - складанае тэхнічнае збудаванне - гэта расійская вытворчасць. Усё астатняе - беларускае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаўся аб далейшым развіцці ракетнай вытворчасці ў Беларусі. "Нам патрэбна ракета. Яна ёсць, гэта ракета, у расіян. Вядома, "Арэшнік" мы ствараць не будзем. Вельмі дорага. Маглі б гэта зрабіць з расіянамі. Тым больш я сустракаўся і з канструктарамі, якія забяспечваюць у тым ліку і стратэгічны шчыт для Расійскай Федэрацыі. Нашы людзі, размаўляем на адной мове, разумеем адзін аднаго. Адзін з іх нават у нас ядзерны патэнцыял у савецкія часы - называўся праект "Піянер" - выбудоўваў. І з таго часу Беларусь яму падабаецца. Ён з задавальненнем працуе і шмат дапамагаў (у тым, каб. - Заўвага БЕЛТА) пазіцыйны раён стварыць для "Арэшніка", - расказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка спыніўся і на такім адносна новым напрамку, як вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў. Пры гэтым, падкрэсліў ён, БПЛА выкарыстоўваюцца не толькі для вайны. "У свеце гэты напрамак працуе ўжо. Вы думаеце, гэта нам не трэба будзе? Можа, сёння не актуальна, але заўтра, мы бачым, будзе актуальна. Трэба своечасова пачынаць гэту работу", - упэўнены ён.