26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адвёў тэрмін да 1 студзеня на стварэнне эфектыўнай сістэмы гандлёвага абслугоўвання па ўсёй краіне, і перш за ўсё ў сельскай мясцовасці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па гандлі павінна быць сістэма. У нас сістэмная дзяржава", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсць рэгіёны (вобласці і горад Мінск), раёны, больш за 1400 аграгарадкоў, буйныя вёскі. Усе яны размешчаны ўздоўж асноўных дарог. Ёсць і маленькія хутаркі, і вёсачкі, якія называюць неперспектыўнымі. Там жывуць 7-10 чалавек, у асноўным пажылыя людзі, але якія ў свой час стваралі краіну, звярнуў увагу беларускі лідар.
"Вось зыходзячы з гэтага вы павінны выпрацаваць сістэму абслугоўвання людзей. У вас 1 студзеня тэрмін, - паставіў задачу Прэзідэнт. - І не дай бог памочнікі і ўпаўнаважаныя ўбачаць хоць адну вёсачку, дзе "баба Дуня" не атрымала тое, на што яна ўсё жыццё працавала".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ёсць добрыя прыклады арганізацыі работы ў гэтым плане. "Зрабіце па ўсёй краіне так. Гэта невялікія грошы. Задзейнічайце любыя рэсурсы, - даручыў Прэзідэнт. - Давайце ад граніцы Гродзенскай вобласці (там у нас генерал - усё арганізуе, зробіць) прарэвізуем краіну на прадмет таго, як жывуць людзі і як яны павінны жыць".
Ён звярнуў увагу, што ў цэлым не так шмат трэба. Важна забяспечыць асартымент. "І цэны. Галоўнае - цэны (павінны быць справядлівымі і прымальнымі. - Заўвага БЕЛТА)", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч далажыў аб сістэме абслугоўвання насельніцтва Беларусі. Паводле слоў міністра, па выніках работы за першае паўгоддзе гандаль займае другое месца ў агульным аб'ёме ВУП - 9,6 працэнта. Паказчык рознічнага тавараабароту выконваецца. Пры мэтавым значэнні 104,5 працэнта ён склаў 108,6 працэнта. На 1 студзеня 2025 года ў Беларусі функцыянавала амаль 86 тыс. разнічных гандлёвых аб'ектаў. Іх штогадовая колькасць павялічваецца ў сярэднім на паўтара працэнта.
Аднак Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт менавіта на гандлёвых аб'ектах у сельскай мясцовасці. Міністр канстатаваў, што тут сітуацыя крыху іншая: за апошнія пяць гадоў іх стала менш на паўтара працэнта. Пры гэтым у тым ліку ідзе замяшчэнне на электронны гандаль. "Актыўна развіваецца электронны гандаль не толькі ў горадзе, але і ў вёсцы. Там адкрываюцца пункты выдачы. Выкарыстоўваецца актыўна "Белпошта", Белкаапсаюз, Wildberries і Ozon у тым ліку пастаўляюць, усе нашы інтэрнэт-магазіны", - сказаў Артур Карповіч.
Прэзідэнт пры гэтым заклікаў улічваць інтарэсы і людзей старэйшага пакалення, якія не заўсёды могуць карыстацца гэтымі навацыямі, і гэта для іх можа быць складана. "Ну так, "баба Дуня" сядзіць і тыкае ў айфон…" - вобразна заўважыў ён.
Канкрэтыкі ў дыскусію дадала старшыня Белстата Іна Мядзведзева. Паводле яе даных, штогод колькасць магазінаў у сельскай мясцовасці скарачаецца на 100-250 адзінак. Больш таго, у цэлым доля рознічнага тавараабароту ў сельскай мясцовасці падае з некалі 20 працэнтаў да цяперашніх 13,4 працэнта. А яшчэ ў мінулым годзе гэты паказчык складаў 14 працэнтаў. "Гэта значыць, кожны год аднімаецца крыху доля сельскай мясцовасці. Гэта сведчыць аб тым, што сёння забеспячэнне насельніцтва гандлёвымі аб'ектамі недастатковае. Гэта мы можам пацвердзіць лічбамі", - сказала кіраўнік статведамства.
Кіраўнік МАРГ праблему не адмаўляе, але гаворыць аб тым, што ў цэлым распрацаваныя ў краіне сацыяльныя стандарты ў частцы забеспячэння насельніцтва аб'ектамі гандлю выконваюцца. Што датычыцца сельскай мясцовасці, ёсць усяго 26 населеных пунктаў, дзе гэта не так. Але і там у большасці выпадкаў адыгрывае ролю іх размяшчэнне, калі літаральна за 100-200 м ад іх ёсць іншы населены пункт з дастатковай колькасцю магазінаў, і людзі ездзяць туды. "Усе гэтыя пытанні мясцовыя органы ўлады бачаць, кантралююць", - запэўніў Артур Карповіч.
Ён таксама расказаў, што асаблівая ўвага ўдзяляецца кантролю якасці прадукцыі. Гэта работа праводзіцца ў тым ліку сумесна з дэпутатамі, прадстаўнікамі прафсаюзаў, мясцовых органаў улады. Паводле слоў міністра, часам тыя ж ролікі ў сацыяльных сетках са скаргамі людзей на паверку не адпавядаюць рэальнай абстаноўцы. Недзе гэта робіцца выключна дзеля піяру, каб прыцягнуць больш падпісчыкаў.
"Гэта я ўсё разумею. Сёння "ціктокаюцца", што ах, недзе пацукі пабеглі. Дык што, Прэзідэнт паедзе пацукоў лавіць? Гэта ж вы там на месцы са сметнікамі разабрацца не можаце і ў вас пацукі бегаюць. У адваротным выпадку не бегалі б. Таму я гэта ўсё разумею", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама спытаў, якія ў цэлым у гандлі ёсць праблемы. Яму далажылі, што асноўная - спад долі тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце. Прычыны гэтага, як і шляхі вырашэння, ёсць розныя, і іх таксама падрабязна разгледзелі на нарадзе.