Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

29 Врс 2020

Лукашэнка аб супрацоўніцтве з Расіяй: сур'ёзных зрухаў не дабіцца без выканання абавязацельстваў

Лукашэнка аб супрацоўніцтве з Расіяй: сур'ёзных зрухаў не дабіцца без выканання абавязацельстваў

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб нацэленасці на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расіяй, але падкрэслівае важнасць паслядоўнага выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў сваім выступленні на пленарным пасяджэнні VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка закрануў розныя сферы, у якіх супрацоўнічаюць Беларусь і Расія. Гэта ў тым ліку адукацыя, навука, гандаль і эканамічнае ўзаемадзеянне, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў.

Вядучыя ВНУ дзвюх краін рэалізуюць шэраг сумесных адукацыйных і навуковых праектаў, агульнымі намаганнямі выдаюць навучальныя дапаможнікі. Сёння амаль 11 тыс. беларусаў навучаюцца ў расійскіх ВНУ і больш за паўтары тысячы расіян - у Рэспубліцы Беларусь. "Але супрацоўніцтва ў сферы адукацыі трэба развіваць яшчэ актыўней у рамках студэнцкіх абменаў, стажыровак, форумаў і канферэнцый, студэнцкіх атрадаў", - лічыць Прэзідэнт.

З 2000 года рэалізавана больш за 50 праграм Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі. Наладжаны дыялог паміж Паркам высокіх тэхналогій і інавацыйным цэнтрам "Сколкава".

"Першараднай задачай становіцца захаванне існуючай дынамікі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у рамках бліжэйшых форумаў неабходна больш увагі ўдзяляць пытанням супрацоўніцтва ў інфармацыйнай прасторы і забеспячэнню інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы таксама згадаў аб падпісаным у чэрвені 2020 года пагадненні аб узаемным прызнанні віз, рэалізацыя якога дасць магчымасць павысіць транзітную, турыстычную і інвестыцыйную прывабнасць Беларусі і Расіі.

"Урадам удалося знайсці кампрамісы ў пытаннях паставак нафты ў гэтым годзе, будаўніцтва БелАЭС, змянення ўмоў дзяржаўнага крэдытавання", - адзначыў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яшчэ нямала задач чакаюць свайго вырашэння. "Адна з асноўных - стварэнне роўных умоў для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання. Мы гатовы абмяркоўваць усе прапановы, якія ўмацуюць агульную эканамічную бяспеку. Аднак важна помніць, што нам не дабіцца сур'ёзных зрухаў, калі не будзем паслядоўна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы", - сказаў ён.

"Пазіцыя Беларусі была і застаецца стабільнай і прадказальнай, яна арыентавана на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Упэўнены, у гэтай сітуацыі голас Форуму пачуюць урады абедзвюх краін і ён будзе садзейнічаць вырашэнню гэтых задач", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў перакананасць, што беларуска-расійскія адносіны і ў далейшым будуць развівацца паслядоўна і дынамічна, бо менавіта ў гэтым зацікаўлены брацкія народы дзвюх краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі