18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і парламента, запатрабаваў ад урада прымусіць маркетплэйсы і гандлёвыя сеткі працаваць на краіну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пакуль унутры краіны гаспадарыць імпарт, прадстаўнікі сферы гандлю і вытворцы звяртаюцца за дзяржпадтрымкай. "Трэба перавярнуць гэту піраміду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Для ўрада паказчык долі айчынных тавараў на ўнутраным рынку будзе нараўне з цэнамі асноўным крытэрыем ацэнкі работы. Ёсць продажы - будуць аб'ёмы вытворчасці, ВУП будзе і экспарт. Але калі не будзе продажаў - не будзе ў вас ні ВУП, ні аб'ёмаў, ні зарплат. Як эканаміст вам гавару - простая формула, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Усё павінна ісці ад збыту. Усе свае маркетплэйсы, гандлёвыя сеткі, іншыя структуры прымусьце, нарэшце, працаваць на краіну. Інакш будзем разбірацца з гэтым іншымі, вядомымі для вас, метадамі. Іншага выйсця няма, калі хочам жыць у нармальнай краіне, а не ваяваць".