9 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларуска-расійскія адносіны ў газавай сферы - важны элемент энергетычнай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч на Пецярбургскім міжнародным газавым форуме, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Віктар Каранкевіч нагадаў, што ў Беларусі з улікам адсутнасці адпаведных запасаў прыроднага газу ў 2008 годзе было прынята рашэнне адносна будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі. "Гэта дало магчымасць дыверсіфікаваць паліўна-энергетычны баланс, але пры гэтым прыродны газ застаецца запатрабаваным у эканоміцы Беларусі. Гэта забяспечваецца ў тым ліку за кошт развіцця рэальнага сектара эканомікі, за кошт будаўніцтва новых і пашырэння дзеючых прамысловых магутнасцей, а таксама выкарыстання газу ў побыце за кошт газіфікацыі, якая прадаўжаецца ў сельскіх населеных пунктах. ПАТ "Газпрам", з якім нас звязваюць даўнія партнёрскія даверныя адносіны, забяспечвае надзейныя і бесперабойныя пастаўкі прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь у запатрабаваных аб'ёмах. Беларусь як надзейны партнёр забяспечвае ў поўным аб'ёме своечасовае выкананне абавязацельстваў па пастаўках гэтага газу", - сказаў ён.
Віцэ-прэм'ер канстатаваў, што з "Газпрамам" у Беларусі выбудаваны цесныя і канструктыўныя адносіны ў розных сферах дзейнасці - ад развіцця газавай сферы да вытворчасці інавацыйнай імпартазамяшчальнай прадукцыі. "Беларуска-расійскія адносіны ў газавай сферы, іх развіццё - гэта важны элемент ва ўмацаванні энергетычнай бяспекі Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў ён.
Гаворачы аб развіцці сусветнага газавага рынку, Віктар Каранкевіч адзначыў, што сітуацыя застаецца дынамічнай, а цэны на газ адчувальныя да знешніх фактараў. "Еўрапейскія краіны імкнуцца да скарачэння спажывання прыроднага газу шляхам дэкарбанізацыі эканомікі і рэалізацыі зялёных тэхналогій. Паэтапна яны спрабуюць знізіць спажыванне газу за кошт альтэрнатыўных крыніц энергіі. Але на гэта патрэбны і час, і вялікія рэсурсы, і не ўсе іх маюць. Таму прыродны газ застаецца даволі запатрабаваным у ключавых галінах сусветнай эканомікі, і яго канкурэнтная перавага ў параўнанні з іншымі відамі паліва захоўвае яго ключавую ролю ў сусветным энергабалансе", - перакананы ён.
"Таксама ў рамках трансфармацыі газавых рынкаў варта адзначыць і рост вялікімі тэмпамі вытворчасці нафтагазахімічнай прадукцыі, якая запатрабавана ў свеце, павелічэнне выкарыстання прыроднага газу ў выглядзе маторнага паліва", - дадаў віцэ-прэм'ер.