8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бізнес-трэвэл у Беларусі мае добры патэнцыял для развіцця. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі, прысвечанай месяцу дзелавога турызму, выказаў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі (РСТІ) Піліп Гулы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Піліп Гулы адзначыў, што гэта пытанне ў тым ліку будзе абмяркоўвацца на адной з секцый ІІІ Беларуска-расійскага кангрэса, які стартуе сёння ў Мінску.
"У частцы дзелавога турызму наш асноўны рынак - Масква і Санкт-Пецярбург. У большай ступені Масква, дзе знаходзяцца нашы асноўныя мэтавыя патэнцыяльныя кліенты. Гэта буйныя банкаўскія карпарацыі, фінансавыя арганізацыі, сеткі рытэйлу. Усе тыя, хто валодае вялікай колькасцю філіялаў, якія знаходзяцца ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, а часам і за мяжой. У іх ёсць задача ў частцы карпаратыўных мерапрыемстваў - сабраць усю сетку агентаў або прадстаўнікоў філіялаў, кліентаў, пастаўшчыкоў. Масква перагружана. Да таго ж нельга праводзіць мерапрыемствы пастаянна ў адным і тым жа месцы - патрэбна нейкая разнастайнасць", - адзначыў эксперт.
На яго думку, Беларусь з краін постсавецкай прасторы выйграе не толькі дзякуючы зручнай лагістыцы, але і дзякуючы паспяховай рабоце вышэйшага кіраўніцтва, дыпламатычнага корпуса. Наладжаны прамыя авіязносіны з рэгіёнамі РФ, паміж сталіцамі курсіруюць "Ластаўкі", дзе магчыма перавозіць вялікія калектывы.
Разам з тым эксперт адзначыў, што развіццё дзелавога турызму ў краіне пакуль стрымлівае дэфіцыт гасцініц высокага ўзроўню, здольных прымаць такія вялікія патокі гасцей.
"З іншага боку, сёння гэты рынак ёсць у вялікім аб'ёме. Але мы жывём у эпоху трансфармацыі, сусветнай эканамічнай турбулентнасці. Уклаўшы інвестыцыі ў новыя гасцінічныя, інфраструктурныя праекты, якія адбіваюцца 10 гадоў і больш, ці захаваецца такая дынаміка? Гэта пытанне рызык. Прынятыя рашэнні павінны быць вельмі ўзважанымі", - сказаў Піліп Гулы.
Ён таксама заявіў, што адкрыццё Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра стане добрым стымулам для развіцця. "Гэта цудоўны цэнтр, аб якім мы дзесяцігоддзі марылі, разважалі. У маім асабістым успрыманні Мінск адразу стаў паўнацэннай сталіцай, пляцоўкай дзелавога турызму", - дадаў старшыня праўлення РСТІ.
Рэзервы для далейшага руху наперад ён бачыць ва ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы, укараненні лічбавых тэхналогій, прыцягненні моладзі ў сферу. "Мы знаходзімся ў пачатку шляху. У нас ёсць пэўныя перавагі, іх трэба развіваць", - рэзюмаваў Піліп Гулы.