31 ліпеня, Бяроза /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у ААТ "Савушкін прадукт" выказаўся аб дасягненнях айчыннай малочнай галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярод напрамкаў, якія сведчаць аб значным развіцці малочнай галіны, Прэзідэнт назваў экспарт. "Калі ў 2005-м добрым вынікам лічыўся экспарт сельгаспрадукцыі, які недацягвае да $1,5 млрд, то ў 2025-м мы пастаўлялі ў 117 краін і атрымалі больш як $10 млрд выручкі. З іх $4 млрд - за малако. Перапрацавалі і прадалі больш як 5,5 млн т, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Нездарма Беларусь у дзясятцы сусветных малочных экспарцёраў. Але трэба больш. Нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, попыт на прадукты харчавання велізарны. Гэты патэнцыял нельга ўпусціць, і мы, інвесціруючы ў тыя ці іншыя напрамкі, малаку ўдзяляем сур'ёзную ўвагу".
У пачатку 2000-х гадоў Беларусь штогод атрымлівала крыху больш за 2,5 млн т малака пры сярэднегадавым удоі ад каровы каля 2 тыс. кг. З улікам асабістых падворкаў атрымлівалася крыху больш за 4,5 млн т. "Хапала толькі-толькі сябе пракарміць. Які там экспарт… - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Але ў імкненні да выніку і тады, і цяпер мы змаглі праявіць знакамітыя беларускія цярплівасць, упартасць і стараннасць. Кожны рубель лічылі, кожны літр сыравіны бераглі. Усё атрымалася".






Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на дынаміку, якая паказвае, як у Беларусі паслядоўна расла вытворчасць малака: у 2004 годзе ў краіне пераадолелі рубеж 5 млн т малака, у 2023-м - 8 млн т, у 2025-м - 9 млн т. "Гэта значыць атрымліваем цяпер практычна тону на кожнага жыхара нашай краіны", - заўважыў ён.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што такое было б немагчыма без павышэння прадукцыйнасці. Тут ён зноў звярнуўся да статыстыкі: у 2006 годзе сярэдні ўдой на карову складаў 4 тыс. кг, а ў 2025 годзе - 6,5 тыс. кг. "Думаю, у гэтым будзе яшчэ больш. Брэстчына павінна выйсці на 8,5-9 тыс. кг на карову", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу і на сучасныя малочнатаварныя комплексы, колькасць якіх у краіне перасягае 2,7 тыс. "Гэта не тыя фермы, якія былі ў савецкі час. Працэнт высокатэхналагічных комплексаў вырас да 63, і там вырабляецца ўжо амаль 85% усяго беларускага малака. Колькасць пераходзіць у якасць, і мы на гэтым спыняцца не павінны. Наш экспарт павінен быць высокатэхналагічным, якасным і эфектыўным", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.