Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

14 Apr 2016

Гендырэктар МАГАТЭ прыме ўдзел у адкрыцці "Атамэкспа" ў Мінску

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гендырэктар МАГАТЭ Юкія Амана наведае Беларусь 18-20 красавіка, паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Плануецца, што Юкія Амана прыме ўдзел у адкрыцці выстаўкі "Атамэкспа" ў Мінску, наведае будаўнічую пляцоўку БелАЭС у Астраўцы і Рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Акрамя таго, гендырэктар МАГАТЭ сустрэнецца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, правядзе сустрэчы ў шэрагу органаў дзяржкіравання.

Як паведамлялася, VIII Міжнародная выстаўка і канферэнцыя "Атамэкспа-Беларусь" пройдуць з 19 па 21 красавіка ў "БелЭкспа". Гэта мерапрыемства зарэкамендавала сябе як буйны выставачны праект, які адыгрывае асаблівую ролю ў развіцці і папулярызацыі атамнай энергетыкі ў Беларусі. На пляцоўцы дэманструюцца новыя тэхналогіі і абсталяванне, вырашаюцца важныя галіновыя пытанні, намячаюцца перспектывы развіцця і выбудоўваюцца партнёрскія адносіны.

Дзелавая праграма будзе ўключаць навукова-практычную канферэнцыю "Развіццё атамнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь" з правядзеннем пленарнага пасяджэння, секцыйных пасяджэнняў і круглых сталоў. Асноўнымі тэмамі канферэнцыі стануць будаўніцтва Беларускай АЭС (патрабаванні да пастаўшчыкоў, праграмы закупак паслуг і абсталявання), будаўнічыя тэхналогіі, матэрыялы, абсталяванне, што прымяняюцца пры ўзвядзенні АЭС, грамадская прымальнасць атамнай энергетыкі, сучасныя прыборы і абсталяванне для АЭС і атамнай прамысловасці, развіццё ядзернай інфраструктуры і іншыя.

Кампаніі-ўдзельніцы прадэманструюць найноўшыя тэхналогіі праектавання, будаўніцтва, эксплуатацыі і забеспячэння бяспекі АЭС. У гэтым годзе на выстаўцы будуць прадстаўлены такія тэматычныя напрамкі, як "Праектаванне і будаўніцтва АЭС. Кіраванне праектам", "Сістэмы кіравання і кантролю", "Бяспечная эксплуатацыя АЭС", "Атамнае машынабудаванне, прыборы і абсталяванне для будаўніцтва АЭС", "Матэрыялы і тэхналогіі для атамнай энергетыкі", "Абыходжанне з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам", "Сродкі радыяцыйнай аховы", "Трубаправоды і арматура, электратэхнічнае і пад'ёмнае абсталяванне".

Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца расійскія і замежныя прадпрыемствы атамнай і сумежных галін, навукова-даследчыя інстытуты, пастаўшчыкі абсталявання і паслуг, прадстаўнікі бізнес-супольнасці.

"Атамэкспа-Беларусь" праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства энергетыкі Беларусі пры падтрымцы дзяржкарпарацыі "Расатам".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі