10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь здольна прапанаваць выгадныя ўмовы інвестарам і партнёрам у сферы дата-цэнтраў. Аб гэтым па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўсе бачым цяпер, якім чынам развіваюцца і воблачныя вылічэнні, і асабліва штучны інтэлект. Гэта патрабуе вялікіх аб'ёмаў спажывання энергіі. Сярэдні цэнтр апрацоўкі даных спажывае столькі электраэнергіі, колькі 50 тыс. дамашніх гаспадарак. Гэта невялікі горад. Аналітыкі прагназуюць, што попыт на энергарэсурсы ў свеце будзе толькі ўзрастаць - менавіта на электраэнергію", - сказаў кіраўнік Нацбанка.
Ён адзначыў, што цяпер у свеце становяцца запатрабаванымі паслугі дата-цэнтраў, асабліва для апрацоўкі інфармацыі, звязанай са штучным інтэлектам. "Таму з улікам таго, што ў нас прафіцыт электраэнергіі ў краіне, я думаю, што мы цалкам здольныя прапанаваць выгадныя ўмовы для інвестараў і партнёраў - тых, хто зацікаўлены ў размяшчэнні ў нас такіх магутнасцей. Думаю, гэта вельмі перспектыўны напрамак, і ўпэўнены, што ўрад гэтым абавязкова зоймецца", - заявіў Раман Галоўчанка.
Тэма развіцця цэнтраў апрацоўкі даных у ліку іншых абмяркоўвалася пры дакладзе ў Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Нацыянальным банку шмат спецыялістаў, якія разбіраюцца не толькі непасрэдна ў банкаўскай сферы, але і ў многіх іншых галінах. Таму іх патэнцыял неабходна задзейнічаць. "Кажуць, што ў банку ў нас спецыялістаў дастаткова перадавых. І яны гатовы ствараць цэнтры апрацоўкі даных. Прынамсі, кантраляваць, як гэты працэс ідзе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.