Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

11 Ліс 2021

Галоўчанка: Беларусь зацікаўлена выступіць партнёрам Казахстана па развіцці сельгасвытворчасці

Галоўчанка: Беларусь зацікаўлена выступіць партнёрам Казахстана па развіцці сельгасвытворчасці

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена выступіць партнёрам Казахстана па развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі Казахстана Ерболам Карашукеевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У ходзе міжурадавых перагавораў і кансультацый мы выдзелілі сферу сельскай гаспадаркі як адну з самых перспектыўных для нарошчвання аб'ёмаў двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Казахстанам. Па-першае, гэта вельмі важна для забеспячэння харчовай бяспекі дзяржаў, па-другое, тут ёсць вялікі, пакуль яшчэ не да канца раскрыты патэнцыял супрацоўніцтва", - сказаў Раман Галоўчанка.

Ён падкрэсліў, што Казахстан - адзін з прыярытэтных для Беларусі партнёраў у сельскагаспадарчай сферы. "Наш тавараабарот у гэтай сферы за пяць гадоў вырас практычна ў 4 разы. Але мы з прэм'ер-міністрам Казахстана дамовіліся, што трэба ісці глыбей. Мы былі б рады выступіць адным з асноўных партнёраў Казахстана ў пытаннях развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Тым больш што ваша краіна мае для гэтага добрыя рэсурсы, вялікі патэнцыял і добрую экспартную пляцоўку для паставак уласнай прадукцыі ў краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна", - адзначыў прэм'ер-міністр.

"У час майго чэрвеньскага візіту ў Казахстан мы дамовіліся, што, магчыма, адзін з пілотных праектаў паглыбленай навуковай і вытворчай кааперацыі можа быць рэалізаваны ў сферы жывёлагадоўлі. Мы абмяркоўвалі перспектывы будаўніцтва ў Казахстане малочнатаварнага комплексу пад ключ з выкарыстаннем як беларускіх тэхналогій, так і племянной жывёлы беларускай селекцыі. Разглядаюцца таксама магчымае стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў, пытанні сортавыпрабавання. Можна арганізаваць і работу па закладцы садоў. Добрыя перспектывы і ў галіне ўзаемадзеяння па аграрнай адукацыі і навуцы", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

Як паведамлялася, у 2020 годзе пастаўкі беларускіх экспарцёраў сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў Казахстан склалі $271,9 млн (рост на 12,6 працэнта). У студзені - верасні 2021 года экспарт сельгаспрадукцыі склаў $219,7 млн, або 107,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Традыцыйна з Беларусі ў Казахстан пастаўляюцца мясная і малочная прадукцыя, племянная прадукцыя, цукар. З Казахстана ў Беларусь - баваўнянае валакно, агародніна, бахчавыя.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі