Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

16 Ліс 2025

Фіялетавая бульба і пшаніца, зімовая груша. Якімі новымі сартамі здзіўляюць беларускія вучоныя

Фіялетавая бульба і пшаніца, зімовая груша. Якімі новымі сартамі здзіўляюць беларускія вучоныя
Фота з архiва

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Сфера АПК пастаянна рухаецца наперад разам з сучаснымі тэхналогіямі. Вядома ж, развіццё земляробства немагчыма без дасягненняў навукі. Вучоныя-селекцыянеры пастаянна прапануюць новыя сарты - больш эфектыўныя, устойлівыя да шкоднікаў, хвароб і розных умоў надвор'я, з больш высокай ураджайнасцю. Пра апошнія навінкі расказалі ў Нацыянальнай акадэміі навук.

"Такога ніколі не было". Што асаблівага ў новых сартах пшаніцы, ячменю, жыта, рапсу і трыцікале

НПЦ па земляробстве адказвае за селекцыю і тэхналогію вырошчвання 36 відаў сельскагаспадарчых культур, у тым ліку за кармавыя травы, збожжавыя культуры, кукурузу, рапс, крупяныя культуры, рыхтуе рэкамендацыі для аграрыяў з улікам кліматычных умоў.

"Задачы перад нашым цэнтрам стаяць значныя. Прывяду прыклад. Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК) - сур'ёзная вытворчасць з вялікімі магутнасцямі. Выкарыстоўвае толькі пшаніцу асаблівай якасці. Нам была пастаўлена задача некалькі гадоў таму, каб сыравіна была свая. Шклопадобнасць пшаніцы павінна быць не меншай за 60 працэнтаў, клейкавіна - не меншай за 28 працэнтаў, бялок - 14-15 працэнтаў. Цяпер БНБК забяспечвае сябе сыравінай айчынных сартоў. Раней такога не было. Сарты "Асіма" і "Амелія" цалкам адпавядаюць тэхнічным заданням гэтага напрамку", - расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Сяргей Краўцоў.

Беларускія вучоныя не стаяць на месцы. У бягучым годзе яны перадалі ў сортавыпрабаванне новы сорт азімай пшаніцы "Стэфа" фіялетавай афарбоўкі. "Гэты гібрыд яравой і азімай пшаніцы - заслуга айчынных селекцыянераў. Такога ніколі не было. У прыродных умовах гэтыя віды пшаніцы не скрыжоўваюцца. Гэта можна зрабіць толькі біятэхналагічным метадам. У нас атрымалася. Гэты сорт вызначаецца высокімі хлебапякарнымі якасцямі і мае антыаксідантныя ўласцівасці", - адзначыў вучоны.

Што датычыцца яравой пшаніцы, распрацаваны сарты "Карта" і "Гайна", якія вызначаюцца высокімі хлебапякарнымі якасцямі, у іх клейкавіны больш за 30 працэнтаў.

Вялікую работу вучоныя вядуць па селекцыі азімага трыцікале. "Хочацца адзначыць сорт "Экватар". Думаю, хутка мы паспрабуем гэты сорт на хлебазаводах. Па сваіх характарыстыках ён адносіцца да сартоў такой жа хлебапякарнай якасці, як у азімай пшаніцы", - дадаў гендырэктар НПЦ.

Распрацаваны новыя беларускія гібрыды жыта "Рызона" і "Батлейка", якія перавышаюць стандартную ўраджайнасць на 15-20 ц/га. Гэта даволі высокія паказчыкі.

"Белдзяржхарчпрам" паставіў перад вучонымі задачу атрымаць айчынную сыравіну - піваварны ячмень. "Мы заключылі дагавор па селекцыі, і быў распрацаваны наш айчынны сорт "Літвін". "Белдзяржхарчпрам" у бягучым годзе яго параўнаў з лепшымі аналагамі з Аўстрыі, Даніі і Германіі. Гэты сорт цалкам адпавядае сусветным стандартам па варэнні піва. Толькі ён айчынны. Раней такога не было. У нас была сыравіна толькі імпартная. Мы выпрабавалі гэты сорт і ў Расіі, аказалася, што ён ім цалкам падыходзіць. Гэта наша вельмі высокае сусветнае дасягненне", - заявіў Сяргей Краўцоў. Распрацаваны таксама сарты яравога ячменю "Спікер" і "Дэлегат".

У краіне развіваецца вытворчасць рапсавага алею. Беларускія вучоныя распрацавалі сорт рапсу "Крыніца" з павышанай колькасцю ў саставе алеінавай кіслаты. Такі алей супастаўны з аліўкавым.

Смачна і выгадна. Якую новую бульбу, агародніну, садавіну і ягады прапануюць вучоныя

Вучоныя прапануюць шэраг навінак для бульбаводства. "Па-першае, гэта раннія сарты бульбы "Красавік" і "Умка" - тое, што можна вырасціць у любой гаспадарцы. Калі "Красавік" мае ружовую афарбоўку лупіны, то "Умка" - гэта жоўтыя клубні, вельмі вялікія, добра фарміруюць ураджай ужо ў пачатку ліпеня ў залежнасці ад глебава-кліматычнай зоны. Таксама прапануем сярэдняспелы сорт "Водар". Акрамя цудоўных смакавых якасцей, сорт падыходзіць для гатавання сухога бульбянога пюрэ. І, зразумела, не забываем крухмальную галіну. Прапануем новы сярэдняпозні сорт "Баярскі", які, акрамя высокай ураджайнасці, вызначаецца высокай колькасцю крухмалу - да 24 працэнтаў пры базіснай крухмалістасці 15 працэнтаў. Гэта значыць тут відавочная эканамічная выгада і якасць крухмалу", - пералічыў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім Маханько.

"Не абмінулі мы і сарты з афарбаванай мякаццю. Раней намі ўжо быў прадстаўлены сорт "Лекар" (з мякаццю фіялетавага колеру. - Заўвага БЕЛТА). На сёння ёсць яшчэ новы сорт "Вайлдберыз" з ружовай, часткова афарбаванай мякаццю. Ён вельмі цікавы, мае свае смакавыя асаблівасці. Спадзяёмся, што хутка ён зойме пэўную нішу ў вырошчванні бульбы", - адзначыў гендырэктар.

У агародніцтве асноўнай задачай ён назваў пераход да гібрыдаў першага пакалення (F1). "Гэта дае дадатковыя магчымасці ў насенняводстве, у хуткасці размнажэння і, зразумела, у якасці і ўраджайнасці. Раней мы прадстаўлялі ў асноўным гібрыды F1 па капусце, яны занялі сваё трывалае месца ў спецыялізаваных гаспадарках краіны і на дачных участках. Сёння мы прапанавалі першы айчынны гібрыд цыбулі рэпчатай пад назвай "Тутэйшы". Ужо ёсць першы сорт часнаку яравога "Лагодны" і сорт азімага часнаку "Пясняр", - падзяліўся вучоны.

Таксама вядзецца вялікая работа па стварэнні гібрыдаў і сартоў для адкрытага грунту і плёначных цяпліц. Гэта датычыцца таматаў, агуркоў.

"Што датычыцца пладовых і ягадных культур, тут мы таксама не адстаём. Штогод прапануем новыя сарты яблыкаў, груш. Прапанавалі сорт зімовай грушы "Завея", які захоўваецца да сакавіка ў звычайных рэгулюемых умовах без прымянення змененага газавага асяроддзя. Цеплалюбівыя культуры таксама займаюць пэўнае месца ў садах Беларусі. Гэта і персік, і абрыкос. Вядзецца вялікая работа па ягадных культурах - рэмантантнай маліне і суніцах садовых, якія даюць плады на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду", - адзначыў Вадзім Маханько.

Вучоныя стварылі і шэраг рэгламентаў для вырошчвання той ці іншай культуры. "Гэта таксама вельмі важная работа. Дадзены адказы на ўсе пытанні адносна вырошчвання, аховы, насенняводства і выкарыстання ўраджаю па кожным канкрэтным сорце і культуры ў цэлым", - сказаў на заканчэнне гендырэктар НПЦ.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,
БЕЛТА.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі