Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

27 Oct 2017

Еўрапейскі інвестыцыйны банк плануе аказаць фінансавую падтрымку МСП у Беларусі

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі інвестыцыйны банк плануе аказаць фінансавую падтрымку сектару малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП) у Беларусі. Аб гэтым гаворыцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным сёння на сайце банка.

"Да сферы інтарэсаў ЕІБ можна аднесці падтрымку прыватнага сектара і МСП, асабліва праз беларускія банкі і прамысловыя аб'яднанні. Інфраструктурныя праекты, у рамках якіх банк таксама гатовы аказаць падтрымку, уключаюць мадэрнізацыю міжнародных транспартных калідораў, муніцыпальнай і экалагічнай інфраструктуры, у тым ліку праекты ў галіне энергетыкі і водаадвядзення, праекты па барацьбе са змяненнем клімату", - гаворыцца ў паведамленні.

У банку ўдакладнілі, што ЕІБ ужо ўдзельнічае ў ацэнцы праекта па мадэрнізацыі аўтадарогі ад Мінска да літоўскай граніцы пры паралельным фінансаванні з Сусветным банкам адпаведнай праграмы ў транспартным сектары. "Гэты праект можа служыць прыкладам ролі ЕІБ у забеспячэнні ўзаемадзеяння паміж ЕС і краінамі "Усходняга партнёрства" для садзейнічання развіццю гандлю, эканамічнаму росту, мабільнасці, а таксама, у гэтым выпадку, бяспецы дарожнага руху, што пазітыўна паўплывае на паўсядзённае жыццё звычайных грамадзян", - падкрэслілі ў ЕІБ.

Як паведамлялася, сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Аляксандрам Стубам на палях Беларуска-еўрапейскага інвестыцыйнага форуму ў Люксембургу.

Паводле слоў Аляксандра Стуба, аб'яднаўшы намаганні, ЕС, ЕІБ і іншыя міжнародныя фінансавыя інстытуты, якія ажыццяўляюць дзейнасць у Беларусі, могуць забяспечыць стымуляванне эканамічнага развіцця ў краіне. "Сённяшні эканамічны форум уяўляе сабой яшчэ адзін крок у імкненні ЕІБ падтрымаць стратэгічныя інвестпраекты ў Беларусі пасля падпісання рамачнага пагаднення аб супрацоўніцтве ў маі гэтага года", - адзначыў ён.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк мае больш як дзесяцігадовы вопыт работы ў рэгіёне "Усходняга партнёрства", у які ўваходзяць шэсць суседніх з ЕС краін. На сённяшні дзень краінам "Усходняга партнёрства" былі прадастаўлены крэдыты ў памеры 8 млрд еўра для рэалізацыі праектаў у галіне развіцця інфраструктуры, прыватнага сектара і праектаў па барацьбе са змяненнем клімату. З лістапада 2016 года Беларусь знаходзіцца ў спісе краін, маючых права на фінансаванне ў рамках мандата па знешнім крэдытаванні ЕІБ. Рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ЕІБ і Беларуссю было падпісана ў маі 2017-га і ратыфікавана парламентам Беларусі ў ліпені.

Беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум Belarus. Invest in tomorrow прайшоў 27 кастрычніка ў Люксембургу. Галоўнай мэтай форуму стала стварэнне эфектыўнай і арыентаванай на вынік рознаўзроўневай пляцоўкі для наладжвання ўстойлівага ўзаемадзеяння беларускіх крэдытна-фінансавых устаноў і суб'ектаў гаспадарання з еўрапейскімі партнёрамі і папулярызацыі моцных, шмат у чым унікальных бакоў беларускай эканомікі (ІТ, лагістыка) сярод заходніх дзелавых колаў.

Люксембург з'яўляецца вядучым у Еўропе і другім у свеце пасля ЗША інвестыцыйным цэнтрам. У краіне з насельніцтвам крыху больш як 500 тыс. чалавек налічваецца каля 3,9 тыс. інвестфондаў і 143 банкі. Сукупны капітал люксембургскай фінансавай сістэмы складае больш за 740 млрд еўра.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі