Напярэдадні Новага года СЗАТ "БЕЛДЖЫ" адзначыла дзень нараджэння: з моманту стварэння прадпрыемства мінула 13 гадоў. За гэты час пройдзены вялікі шлях, а галоўным вынікам стала рэалізацыя мары беларускіх машынабудаўнікоў, вядомых у свеце дзякуючы вытворчасці трактароў, кар'ернай тэхнікі і сельгасмашын, аб уласным легкавым аўтамабілі. Пасадзейнічалі гэтаму і шматлікія пакупнікі, якія прагаласавалі рублём за беларускую якасць. Аб тым, як развіваецца прадпрыемства, на чым яно будуе сваю маркетынгавую палітыку і што плануе на бліжэйшую будучыню, мы даведаліся ў размове з генеральным дырэктарам "БЕЛДЖЫ" Генадзем Свідзерскім.
- Хачу адзначыць, што 13 гадоў для беларуска-кітайскага прадпрыемства - тэрмін немалы, асабліва калі ўлічваць той факт, што такой вытворчасці ў краіне не было. Для нас традыцыйнымі заўсёды з'яўляліся трактар, грузавы аўтамабіль, кар'ерны самазвал, і ў гэтым радзе аўтамабілебудавання не хапала легкавога аўтамабіля. Стала гэта (вытворчасць легкавушак. - Заўвага БЕЛТА) магчымым у першую чаргу дзякуючы кіраўніку дзяржавы, які неаднаразова падкрэсліваў, што такую вытворчасць неабходна стварыць у краіне. Вялікае бачыцца на адлегласці, і сёння мы ўжо можам гаварыць аб тым, што гэта рашэнне было стратэгічным. На гэтым шляху ўзнікалі розныя складанасці, сітуацыі, аднак, пераадолеўшы іх, мы разумеем, што вытворчасць ужо даказала сваю жыццяздольнасць.
Пачыналі сваю дзейнасць з невялікага цэха ў горадзе Барысаве, а затым у дастаткова кароткія тэрміны дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта, урада, Мінскага аблвыканкама ў чыстым полі пабудавалі абсалютна новы завод. І што самае важнае - гэта адзін з нямногіх машынабудаўнічых заводаў, узведзеных у Беларусі ў ХХІ стагоддзі, які ўключае ў сябе тэхналогіі (а гэта і фарбаванне, і зварка, і аўтаматызаванае кіраванне вытворчасцю і якасцю), уласцівыя сучасным машынабудаўнічым прадпрыемствам. Да таго ж, мы дапоўнілі ланцужок легкавых аўтамабіляў у тым радзе, у якім кампетэнцыі нашых машынабудаўнікоў прызнаны ўжо.
- Завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2018 годзе. Тэрмін невялікі - усяго шэсць гадоў, але за гэты час мы поўнасцю памянялі мадэльны рад, чаго патрабаваў рынак, перажылі пандэмію і наступствы зніжэння попыту на аўтамабілі, час, калі спыніліся камандзіроўкі кітайскіх і беларускіх спецыялістаў, таму ўсё даводзілася вырашаць па тэлекамунікацыйных каналах. За гэты час давялося прайсці (ды і цяпер праходзім) несправядлівыя аднабаковыя абмежаванні, якія запатрабавалі вялікіх намаганняў для пераадолення іх наступстваў: гэта датычыцца і тэхналогій, і раней выбудаваных лагістычных ланцужкоў. Але важна адзначыць, што на гэтым шляху карпарацыя Geely праявіла сябе як надзейны партнёр: гэта дае магчымасць гаварыць аб тым, што мы - дастойны прыклад беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.
А для прамысловага прадпрыемства поспехам з'яўляецца сучасная прадукцыя і дастатковыя аб'ёмы вытворчасці. Мы вельмі ганарымся тым, што ў 2024 годзе нам была пацверджана прэмія якасці ўрада. Гэта вынік нашай работы і на стадыі вытворчасці, і на стадыі сэрвісу.
- У 2024 годзе з прычыны таго, што на рынку быў вельмі добры попыт, мы працавалі без выхадных, па 12 гадзін у дзень. Гэта дало магчымасць вырабіць і - галоўнае - прадаць больш за 90 тыс. аўтамабіляў. Для нас гэта значны рэкорд. Прыемна, што з 90 тыс. машын 25 тыс. рэалізавана ў рэспубліцы.
У 2023 годзе ўзнікалі прэтэнзіі ад патэнцыяльных пакупнікоў, што машыны даводзілася чакаць па тры месяцы. Прычым скаргі паступалі нават кіраўніку дзяржавы. У 2023 годзе мы рэалізавалі насельніцтву краіны 15 тыс. машын. І цяпер рады адзначыць, што практычна ўся наменклатура аўтамабіляў ёсць у нашых фірменных салонах. Таму пытанне напружанага попыту, можна сказаць, знята.
Усяго ў Беларусі ўдзельнічае ў трафіку на дарогах больш за 70 тыс. машын, якія сышлі з канвеера нашага завода. Калі раней гэта была экзотыка, то сёння мы прысутнічаем у кожным кутку краіны. І гэта не можа не радаваць.
- Дынамічны свет і на самай справе патрабуе пастаяннага развіцця. На прадпрыемстве запланавана мадэрнізацыя: рэканструкцыя дадатковай выпрабавальнай лініі, неабходнай ва ўмовах павелічэння аб'ёмаў вытворчасці, рэканструкцыя цэха зваркі, цэха фарбавання з яго пашырэннем.
Мы жывём, рэалізуючы трэнд на пастаяннае развіццё вытворчасці. Калі мы пачыналі з кампаніяй Geely з выпуску ўсяго трох мадэлей, то цяпер рад не проста значна пашырыўся, галоўнае дасягненне - развіццё мадэльнага рада пад нашым брэндам Belgee. Гэта ўжо зусім іншы ўзровень, які дае магчымасць працаваць над іміджам свайго брэнда і лакалізацыяй вытворчасці. Адзначу, што флагманскім аўтамабілем стаў Belgee X50 - самы масавы, запатрабаваны і з самымі пазітыўнымі водгукамі на эксплуатацыю.
У бягучым годзе мы падзялілі салоны: у адных дэманструем пакупнікам трэнды кітайскага аўтапрама, у другіх прапануем аўтамабілі айчыннай вытворчасці. Салонаў стала больш, адпаведна, і ўзровень абслугоўвання стаў вышэйшым.
- Калі гаварыць аб колькасці аўтамабіляў, якія мы плануем вырабіць для ўнутранага рынку, то іх будзе выпушчана больш за 30 тыс. Рост да ўзроўню 2024 года складзе прыблізна 15 працэнтаў.
Сёння думаем над тым, як пашырыць геаграфію паставак. Пакуль нашы аўтамабілі даступны пакупнікам з Беларусі і Расіі, у 2025 годзе плануем выйсці з аўтамабілямі маркі "БЕЛДЖЫ" на рынкі іншых краін ЕАЭС - Кыргызстана, Арменіі, Казахстана. Калі планы ўдасца рэалізаваць, то і аб'ёмы вытворчасці для знешняга рынку, адпаведна, вырастуць.
- На пабудову маркетынгавай палітыкі паўплывала два фактары. Паколькі нашым партнёрам з'яўляецца карпарацыя Geely - сусветны лідар у галіне машынабудавання, пытанні арганізацыі тавараправоднай сеткі ў РФ былі даручаны ёй. Выкарыстоўваючы свой вопыт, фінансы, кампанія арганізавала больш за 150 дылерскіх цэнтраў, якія забяспечвалі продажы і сэрвіс нашых аўтамабіляў. Што датычыцца Беларусі, то тут дыстрыб'ютарам з'яўляецца сам завод "БЕЛДЖЫ", які заключае дагаворы ва ўсіх дылерскіх цэнтрах, але на тых прынцыпах, на якіх працуе карпарацыя Geely. Пачыналі мы з трох дылерскіх цэнтраў у Мінску, адкрылі па адным у абласных цэнтрах і Салігорску, а потым сістэма разраслася. Цяпер, напрыклад, сэрвісных цэнтраў амаль чатыры дзясяткі. Колькасць дылерскіх таксама прыкметна вырасла.
Важна і тое, што гадавыя планы фарміруюцца зыходзячы з патрэбнасці насельніцтва, і гэты попыт вывучаюць дылеры, фарміруючы заказ на аўтамабілі. Сёння мы маем практычна нулявы склад: усё, што выраблена, ужо рэалізавана дылерам.
- У 2024 годзе мы завяршылі работу па вырабе пяці доследна-прамысловых узораў электрамабіля на базе серыйна выпускаемага. Распрацоўшчыкам з'яўляецца аб'яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі, цяпер узоры праходзяць палявыя, камерцыйныя выпрабаванні. Трэба адзначыць, што пастаўшчыкамі кампанентаў з'яўляюцца беларускія прадпрыемствы: цягавыя электрарухавікі вырабляе Магілёўскі завод "Ліфтмаш", інвертары - Наваполацкі завод "Вымяральнік", батарэі - Першая акумулятарная кампанія з Брэста. І гэта першыя расткі праектавання. Шлях, вядома, не на год, але дарогу адолее той, хто ідзе.
- Пытанне няпростае, паколькі, праводзячы гэту работу, нам нельга дапусціць зніжэння канчатковай якасці выпускаемай прадукцыі, як і павышэння цэн на яе. Аўтакампанент павінен быць канкурэнтаздольным па цане і па тэхнічных характарыстыках. Вытрымліваць канкурэнцыю па аўтакампанентах з Кітаем, які вырабляе мільёны машын, вельмі складана. Тое ж можна гаварыць і аб якасці. Таму ў гэтым напрамку мы працуем асцярожна, робячы акцэнт на тым, што нам вырабляць у сябе перш за ўсё выгадна. Напрыклад, у гэтым годзе мы адкрылі ў сябе вытворчасць буйнагабарытных пластмасавых дэталей, якія маюць вялікую долю транспартнага складніка, сэканоміўшы тым самым на перавозцы. Дэталь адразу ж паступае ў цэх фарбавання.
Таксама цяпер мы завяршаем работу па вытворчасці пластмасавай засцярогі, працуем па электроннай сістэме апавяшчэння з аб'яднаннем "Агат", акумулятары атрымліваем з Брэста, выкарыстоўваем беларускія шынныя кампетэнцыі. Акрамя таго, у рамках рэалізацыі адзінай прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы асобныя кампаненты нам пастаўляюць расійскія вытворцы.
У планах - шэраг дадатковых аўтакампанентаў, але працэс гэты доўгі, паколькі ён уключае і цыкл выпрабаванняў, дэталі ж павінны быць якаснымі і надзейнымі. У любым выпадку са з'яўленнем уласнага брэнда работу гэту стала праводзіць лягчэй. Акрамя таго, хацелася б вырабляць аўтакампаненты не толькі для сябе, але і для іншых спажыўцоў.
- Усё пачыналася з 500 чалавек, калі ў 2018 годзе мы запускаліся. Цяпер у калектыве налічваецца каля 2 тыс. супрацоўнікаў. Пастаўшчыкамі кадраў масавых прафесій з'яўляюцца мясцовыя каледжы ў Барысаве і Жодзіне: яны рыхтуюць спецыялістаў па тых праграмах, якія мы для іх пішам. Гэта вельмі важны элемент як для нас, так і для рэгіёна ў цэлым.
Сістэмна кадравыя пытанні вырашаюцца: людзі ідуць на прадпрыемства, жадаючы працаваць у сучасных умовах, на сучасным абсталяванні. У падмацаванне - добры сацпакет, забеспячэнне ўсім неабходным. Лічу, што ў нас адзін з лепшых калектыўных дагавораў. Працаваць на канвееры заўсёды было цяжка, але тым не менш кадры прыходзяць і затрымліваюцца.
Дарэчы, супрацоўнікі прадпрыемства на карпаратыўных умовах могуць набываць нашы аўтамабілі, што ў тым ліку дае ім магчымасць вылучацца ў соцыуме. Ёсць пэўны вопыт і ў вырашэнні жыллёвага пытання: першы дом на 72 кватэры ўведзены ў строй у Барысаве.
БЕЛТА.