15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі бок гатовы аднавіць работу ў любым пункце пропуску, калі суседзі прымуць такое рашэнне. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі па выніках даклада ў кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік ДМК, польскі бок ужо не першы раз закрывае пункты пропуску, але ў ноч на 12 верасня Польшча цалкам закрыла граніцу з Беларуссю. "Калі закрыццё часовае, то значна гэта не паўплывае ў цэлым на грузапаток, - адзначыў Уладзімір Арлоўскі. - Пацерпяць звычайныя людзі, якія не паспелі недзе на адпачынак, у камандзіроўку, па сямейных справах".
Ён запэўніў, што беларускі бок гатовы да аднаўлення работы ў любым пункце пропуску, калі сумежныя краіны прымуць такое рашэнне. "Калі на тое добрая воля нашых суседзяў - мы гатовы. У нас і асабовы склад ёсць, і ўсё засталося на месцах. Які б пункт пропуску ні быў адкрыты, мы гатовы літаральна ў (лічаныя. - Заўвага БЕЛТА) гадзіны заняць рабочае месца і ажыццяўляць пропуск і кантроль. Будзем спадзявацца, што пункты пропуску будуць адкрывацца. Інакш паміж суседзямі быць не павінна", - упэўнены Уладзімір Арлоўскі.
Разам з тым, канстатаваў старшыня ДМК, скаардынаванай работы з сумежным бокам пакуль няма, хоць Беларусь гатова да аднаўлення дыялогу.
"Ужо некалькі гадоў кантактаў па лініі мытных службаў ні з Польшчай, ні з Літвой, ні з Латвіяй у нас практычна няма. Засталіся толькі кантакты на лініі граніцы непасрэдна ў пунктах пропуску - і толькі звязаныя з тэхнічнымі пытаннямі. Мы бачым, як дзейнічае сумежны бок, і дзейнічаем самі, рэагуючы ўжо на іх дзеянні, - падкрэсліў Уладзімір Арлоўскі. - Але мы ад дыялогу не адмаўляліся і гатовы да яго ў любы час у любым фармаце. На жаль, сумежны бок пакуль ад такога дыялогу адмаўляецца".