Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

29 Врс 2016

Чылі разлічвае павялічыць тавараабарот з Беларуссю больш як у 2 разы

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чылі разлічвае павялічыць тавараабарот з Беларуссю больш як у 2 разы. Аб гэтым у размове з карэспандэнтам БЕЛТА расказаў генеральны дырэктар галоўнага ўпраўлення міжнародных эканамічных сувязей Міністэрства замежных спраў Чылі, намеснік міністра гандлю Андрэс Рэбальеда.

Ён адзначыў, што дэлегацыя Чылі, у складзе якой прадстаўнікі афіцыйных і дзелавых колаў краіны, знаходзіцца з візітам у рэгіёне Еўразійскага эканамічнага саюза, каб вывучыць магчымасці ўзаемадзеяння дзяржавы з ЕАЭС. Дэлегацыя пабывала ўжо ў Расіі, а пасля наведвання Беларусі накіруецца ў Казахстан і Арменію.

"Мэтай нашага візіту было паглыбленне ўзаемавыгадных адносін з Беларуссю. Таксама нам хацелася б актывізаваць працэсы па правядзенні перагавораў аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Чылі і ЕАЭС, - звярнуў увагу Андрэс Рэбальеда. - Для нас цяпер з'яўляецца прыярытэтам абмеркаванне і рэалізацыя гандлёвага пагаднення паміж ЕАЭС і Чылі, якое адкрые нашы рынкі адзін для аднаго, будзе садзейнічаць пашырэнню экспарту на лепшых умовах і дасць магчымасць пераадолець бар'еры на шляху па развіцці двухбаковых адносін".

Намеснік міністра гандлю Чылі заўважыў, што ўпершыню знаходзіцца з дэлегацыяй у Беларусі. "Мінск прыемна здзівіў нас, нам тут падабаецца. Мы засталіся задаволены тымі кантактамі, якія былі ўстаноўлены ў час перагавораў і сустрэч з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі бізнес-супольнасцей. Спадзяёмся, што яны дадуць плённыя вынікі ў будучым", - дадаў ён.

Напярэдадні адбылася сустрэча чылійскай дэлегацыі з беларускім бокам, якую ўзначаліў дырэктар дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў Раман Собалеў. Перагаворы заклалі аснову для далейшага развіцця гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі: быў падпісаны мемарандум паміж дэпартаментам знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Беларусі і галоўным упраўленнем міжнародных эканамічных сувязей МЗС Чылі.

"Гэта дасць магчымасць паглыбіць наша ўзаемадзеянне, акажа падтрымку краінам у далейшым развіцці гандлёва-эканамічных адносін, - лічыць дыпламат. - Чылі, як і Беларусь, - краіна з адкрытай эканомікай. Нашы эканомікі падобныя. У іх прыблізна аднолькавы памер, яны таксама адкрыты да тых працэсаў, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы. І ў той жа час нашы эканомікі ўзаемадапаўняюць адна адну. Мы спадзяёмся, што зможам павялічыць наш тавараабарот больш як у два разы".

Яшчэ адным штуршком да актывізацыі супрацоўніцтва, на думку субяседніка, стане ўвядзенне бязвізавага рэжыму паміж Беларуссю і Чылі. "Калі будуць створаны ўмовы для бесперашкоднага перамяшчэння нашых грамадзян, то гэта таксама пасадзейнічае развіццю нашых адносін. Таму цяпер мы абмяркоўваем пытанне аб увядзенні бязвізавага рэжыму", - рэзюмаваў Андрэс Рэбальеда.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі