3 мая, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Чэхія разглядае магчымасць удзелу ў будаўніцтве лагістычных цэнтраў у Беларусі. Аб гэтым паведаміў 3 мая журналістам намеснік міністра прамысловасці і гандлю Чэхіі Мілан Гаворка перад перагаворамі са старшынёй Мінскага аблвыканкама Барысам Батурам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прыкладам паспяховага супрацоўніцтва намеснік міністра лічыць узаемадзеянне з Мінскім маторным заводам, падкрэсліўшы пры гэтым, што ў краін ёсць вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў галіне машынабудавання. "Мы гатовы прыняць прадпрымальнікаў з вашай краіны, як пастаўшчыкоў, так і інвестараў", - дадаў ён.
На сустрэчы са старшынёй Мінаблвыканкама Мілан Гаворка адзначыў, што Мінская вобласць з'яўляецца надзейным партнёрам чэшскіх прадпрыемстваў, яны зацікаўлены пашыраць супрацоўніцтва з рэгіёнам. Таксама чэшскія спецыялісты гатовы абменьвацца вопытам у галіне сельскай гаспадаркі, у развіцці малога і сярэдняга бізнесу.
За студзень-люты 2012 года знешні гандлёвы абарот Мінскай вобласці з Чэхіяй склаў $7,3 млн. (82,1 працэнта да аналагічнага мінулагодняга перыяду), у тым ліку экспарт у Чэхію - $2,5 млн. (120,9 працэнта), імпарт - $4,8 млн. (70,4 працэнта). Сальда знешняга гандлю склалася адмоўнае ў памеры $2,3 млн.
Па выніках 2011 года знешнегандлёвы абарот Мінскай вобласці з Чэхіяй склаў $58,4 млн. (89,9 працэнта да ўзроўню 2010 года). Аснову экспарту ў Чэхію склалі алюмініевыя металаканструкцыі і іх часткі, мінеральныя або калійныя ўгнаенні, соль. З Чэхіі завозіліся металаканструкцыі з чорных металаў і іх часткі, вадкасныя помпы, папера і кардон немелаваныя.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|