6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 300 новых замежных кампаній пачалі гандляваць на Беларускай універсальнай таварнай біржы ў 2026 годзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
За студзень - красавік 2026 года для ўдзелу ў біржавых таргах на Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) акрэдытаваліся 332 замежныя кампаніі з 25 краін.
Больш за ўсё новых удзельнікаў прыйшло на БУТБ з Расійскай Федэрацыі - 191. Другое месца заняў Кітай, які забяспечыў 36 удзельнікаў, трэцяе - Азербайджан з 24 удзельнікамі, чацвёртае - Узбекістан з 19 удзельнікамі, а пятае - Казахстан з 14 удзельнікамі.
Пры гэтым, паводле даных БУТБ, пераважная большасць акрэдытаваных у бягучым годзе кампаній-нерэзідэнтаў вырашылі скарыстацца біржавой пляцоўкай для набыцця тавараў беларускай вытворчасці. "Традыцыйна самую высокую зацікаўленасць у прымяненні біржавых інструментаў для работы на рынку Беларусі праяўляюць рэзідэнты Расіі. На іх прыпала звыш палавіны ўсіх акрэдытаваных у студзені - красавіку суб'ектаў гаспадарання. У разрэзе рэгіёнаў Расіі па колькасці новых удзельнікаў лідзіруюць Масква і Маскоўская вобласць - 62 кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Далей ідуць Санкт-Пецярбург і Ленінградская вобласць з 21 удзельнікам. Потым Смаленская, Растоўская вобласці з 14 і 7 удзельнікамі адпаведна. Замыкае першую пяцёрку Свярдлоўская вобласць з 6 удзельнікамі. Што датычыцца Кітая, Азербайджана, Узбекістана і Казахстана, то прыток новых удзельнікаў з гэтых краін у многім абумоўлены ростам попыту на беларускую прадукцыю, прадстаўленую на біржавых таргах. У першую чаргу гэта малакапрадукты, мясныя вырабы, піламатэрыялы, ільновалакно, кармавыя дабаўкі і цукар", - расказалі ў прэс-службе таварнай біржы.
Па стане на 6 мая 2026 года на БУТБ былі акрэдытаваны 39362 суб'екты гаспадарання, у тым ліку 9372 нерэзідэнты Беларусі з 83 краін.