22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 60 працэнтаў рэзідэнтаў ПВТ распрацоўваюць і рэалізуюць прадукты на ўнутраным рынку. Аб гэтым расказаў першы намеснік начальніка сакратарыята Наглядальнага савета Парка высокіх тэхналогій Дзмітрый Калечыц у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць".
Праграмы лічбавізацыі - гэта адна са стратэгічных задач органаў дзяржаўнага кіравання, якія вызначаюць прыярытэты развіцця гэтай сферы. "Парк высокіх тэхналогій аказвае ўсю неабходную падтрымку ў гэтай частцы. Мы бачым сваю ролю ў тым, каб быць дыялогавай пляцоўкай паміж IT-кампаніямі, рэзідэнтамі ПВТ, прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі і органамі дзяржаўнага кіравання. Такую пляцоўку мы прадастаўляем: зводзім каля 150 кампаній, праводзім прэзентацыі перад дзяржаўным сектарам і прадпрыемствамі. Гэта пашырае інфармацыйныя магчымасці заказчыкаў: яны даведваюцца, якія прадукты ім прапануюць. Калі раней нашы кампаніі былі ў значнай ступені арыентаваны на экспарт, то цяпер яны ўсё больш пераходзяць на ўнутраны рынак", - расказаў Дзмітрый Калечыц.
Парк першапачаткова фармаваўся як міжнародны хаб для развіцця бізнесу і аўтсорсінгу. Цяпер павялічваецца прадуктовы складнік рэзідэнтаў. "У экспарце нам таксама спыняцца нельга: гэта адзін з прыярытэтаў развіцця дзяржавы. Таму бягучая прапорцыя ў 30 працэнтаў унутранага рынку аптымальная", - адзначыў ён.
Выручка на ўнутраным рынку за мінулы год склала 2,4 млрд рублёў - гэта прырост больш чым на 20 працэнтаў. "Вельмі значны і актыўны складнік фокуса нашых рэзідэнтаў менавіта на ўнутраны рынак. Больш як 60 працэнтаў кампаній - рэзідэнтаў парка распрацоўваюць і рэалізуюць прадукты на ўнутраным рынку", - сказаў першы намеснік начальніка сакратарыята Наглядальнага савета ПВТ.
З пункту гледжання ўнутранага рынку ўсе галіны эканомікі Беларусі ў той ці іншай меры праходзяць лічбавізацыю, адзначыў Дзмітрый Калечыц. "У галіне сацыяльнай сферы, адукацыі, аховы здароўя рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій прапануюць адпаведныя прадукты, якія традыцыйныя галіны затым выкарыстоўваюць для лічбавізацыі сваіх працэсаў. Актыўна ўключаны ў гэтыя працэсы і прамысловыя прадпрыемствы, якія працуюць як над аўтаматызацыяй унутраных бізнес-працэсаў, так і над мадэрнізацыяй вытворчых ліній, укараняючы рабатызаваныя комплексы. Такім чынам, пытанні лічбавізацыі запатрабаваны ва ўсіх галінах эканомікі - і ў сацыяльнай сферы, і ў вытворчым сектары", - падкрэсліў ён.
Экспарт у многім залежыць ад геапалітычных складнікаў, канкрэтных умоў развіцця ў тых ці іншых юрысдыкцыях, адзначыў Дзмітрый Калечыц. "Мы бачым важнейшую задачу ў забеспячэнні ўмоў для эфектыўнага функцыянавання нашых прадпрыемстваў, магчымасці далейшага маштабавання і пры неабходнасці змянення канфігурацыі пад змяненні знешняй кан'юнктуры", - сказаў Дзмітрый Калечыц.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.