Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

24 Жнв 2017

Беларуская сельгасакадэмія пачала фасоўку і рэалізацыю ўласнага насення таматаў і перцаў

24 жніўня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (Горкі, БДСГА) пачала драбнарознічную фасоўку і рэалізацыю ўласнага насення таматаў і перцаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры сельскагаспадарчай біятэхналогіі, экалогіі і радыялогіі навучальнай установы Міхаіл Дабродзькін.

Акадэміяй у 2015-2016 гадах было закуплена спецыялізаванае абсталяванне для вагавой і штучнай фасоўкі насення. Затым было распрацавана прэзентабельнае афармленне ўпакоўкі, у гэтым годзе пачаты яе выпуск. Першае расфасаванае насенне таматаў і перцаў пад брэндам БДСГА паступіла ўжо ў рознічную сетку. Яго можна набыць у фірменных гандлёвых кропках на тэрыторыі БДСГА ў Горках, у гандлёвай сетцы прадпрыемстваў "Магілёўаблсаюздрук" і "Віцебскаблсаюздрук". "Раней мы прадавалі насенне толькі оптам, а цяпер маем магчымасць фасаваць самі насенне і рэалізоўваць яго ў рознічную гандлёвую сетку, што дае ў некалькі разоў большы эканамічны эфект", - адзначыў Міхаіл Дабродзькін.

Паводле яго слоў, тэмай селекцыі беларускіх таматаў, як імпартазамяшчальнай прадукцыі, у акадэміі займаюцца ўжо больш за 20 гадоў і дабіліся сур'ёзных вынікаў. "На рахунку нашага навуковага калектыву 21 сорт і гібрыд памідораў для адкрытага і закрытага грунту і два сарты перцу. Сарты створаны ў цесным супрацоўніцтве з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі і пад навуковым кіраўніцтвам доктара біялагічных навук Аляксандра Кільчэўскага. Мы даказалі на практыцы, што айчынныя таматы здольныя даваць высокую ўраджайнасць да 600 ц/га і вышэй, маюць цудоўныя смакавыя ўласцівасці і ўстойлівыя да біятычных і абіятычных фактараў асяроддзя. Гэта значыць іх можна вырошчваць не толькі ў асабістых падсобных гаспадарках, але ў прамысловых маштабах, займацца перапрацоўкай і кансервацыяй", - адзначыў вучоны.

Насенне беларускіх таматаў, што атрымліваецца ў акадэміі, значна таннейшае за імпартнае, а па ўсходжасці яно пераўзыходзіць многія імпартныя аналагі, сказаў Міхаіл Дабродзькін. Магчымасці акадэміі дазваляюць атрымліваць пакуль каля 10-15 кг насення ў год. Патрэбнасць жа Беларусі ў ім на парадак вышэйшая. "Мы маем намер актыўна пашыраць на рынку насенне ўласнай селекцыі і ў залежнасці ад попыту нарошчваць паступальна яго вытворчасць. Адна з асноўных нашых задач - дабіцца таго, каб укладзеныя дзяржавай сродкі ў селекцыю гэтай вітаміннай прадукцыі прынеслі значны эканамічны эфект", - падкрэсліў ён.

У бягучым годзе вучоны атрымаў грант Прэзідэнта Беларусі ў галіне навукі на ўдасканаленне і навуковае абгрунтаванне прыёмаў тэхналогіі вырошчвання таматаў у адкрытым грунце, распрацоўку рэкамендацый вытворчасці, стварэнне ранняспелага, высокаўраджайнага, экалагічна стабільнага сорту таматаў, вытворчасць насеннага матэрыялу на агульную плошчу 30 га і ўкараненне ў калектыўныя, фермерскія і падсобныя гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі