26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы біржавы кантракт на пастаўку ялавічных субпрадуктаў у Кыргызстан заключаны на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Прадаўцом выступіла мясаперапрацоўчае прадпрыемства з Мінскай вобласці, а пакупніком - кыргызскі імпарцёр прадуктаў харчавання, акрэдытаваны на БУТБ у чэрвені 2025 года. У выніку геаграфія біржавога экспарту беларускай мясной прадукцыі пашырылася да шасці краін, а буйнейшымі пакупнікамі па выніках сямі месяцаў сталі Расія, Узбекістан і Кітай.
"У студзені - ліпені гэтага года мясапрадукты забяспечылі 22 працэнты ўсяго экспарту сельгаспрадукцыі праз біржавую пляцоўку. У грашовым выражэнні гэта $153 млн, што ў 11 разоў больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Ільвіная доля продажаў прыпадае на замарожаныя і ахалоджаныя паўфабрыкаты з ялавічыны - звыш 80 працэнтаў ад агульнага аб'ёму экспартных паставак. Акрамя таго, за мяжу праз біржу актыўна рэалізуюцца субпрадукты, жывёльны тлушч і эндакрынна-ферментная сыравіна. Попыт на беларускія мясныя вырабы высокі, прычым калі яшчэ два гады таму, па сутнасці, адзіным пакупніком была Расійская Федэрацыя, то сёння здзелкі на біржавых таргах рэгулярна заключаюць кампаніі з Узбекістана, Кітая, Азербайджана і Казахстана", - расказалі ў прэс-службе біржы.
На гэты момант на БУТБ акрэдытаваны 37 рэзідэнтаў Кыргызстана. За студзень - ліпень 2025 года яны правялі біржавыя здзелкі на агульную суму $5,5 млн, тым самым на 32 працэнты перасягнуўшы паказчык студзеня - ліпеня 2024-га. На біржавых таргах кыргызскія ўдзельнікі пераважна куплялі беларускае сухое малако, сметанковае масла і піламатэрыялы.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.