26 жніўня, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь абмяркоўвае з шэрагам заходніх кампаній магчымасць стварэння сумесных перапрацоўчых прадпрыемстваў для далейшай пастаўкі прадукцыі, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю. Аб гэтым, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў сёння міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц у Выканкаме СНД, дзе цяпер абмяркоўваецца пытанне аб уваходжанні беларускіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў федэральныя гандлёвыя сеткі Масквы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння вядуцца перагаворы, у прыватнасці з краінамі Балтыі, Польшчай, на прадмет стварэння сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы плодаагародніннай, малочнай прадукцыі з мэтай перапрацоўкі гэтай сыравіны для спажывання як унутры Беларусі, так і для паставак на рынкі трэціх краін", - сказаў кіраўнік сельскагаспадарчага ведамства. Пры гэтым ён не абазначыў магчымыя тэрміны стварэння такіх прадпрыемстваў.
Як заяўляў раней дырэктар дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Беларусі Ігар Назарук, пасля ўвядзення расійскіх санкцый замежныя вытворцы прадуктаў харчавання звяртаюцца да Беларусі наконт арганізацыі сумеснай перапрацоўкі прадукцыі.
Урад РФ увёў 7 жніўня 2014 года поўную забарону на пастаўкі ялавічыны, свініны, мяса птушкі, рыбы, сыроў, малака і плодаагародніннай прадукцыі з Аўстраліі, Канады, ЕС, ЗША і Нарвегіі тэрмінам на адзін год. З гэтага спіса 20 жніўня былі выключаны малькі, безлактознае малако і безлактозная малочная прадукцыя, насенная бульба, цукровая кукуруза, гарох, БАДы і вітаміны.
Беларускі і расійскі бакі дамовіліся, што Беларусь зможа пастаўляць у Расію перапрацаваную прадукцыю з еўрапейскай сыравіны.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|