21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пагадненне аб стварэнні міжурадавай беларуска-кітайскай камісіі па супрацоўніцтву ў галіне высокіх тэхналогій падпісана сёння ў Мінску ў час сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоля Рубінава і старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі з парламенцкай дэлегацыяй Кітайскай Народнай Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кітайскую дэлегацыю ўзначаліў намеснік старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лу Юнсян.
Як адзначыў Анатоль Рубінаў, Беларусь і Кітай выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства. "Не ўсе краіны гатовы сёння дзяліцца адна з адной інфармацыяй у галіне высокіх тэхналогій. Падпісанне такога дакумента паміж Беларуссю і Кітаем сведчыць, у першую чаргу, аб вельмі вялікім узроўні даверу паміж краінамі", - падкрэсліў спікер.
Анатоль Рубінаў таксама нагадаў, што ў бягучым годзе дыпламатычным адносінам паміж Беларуссю і Кітаем спаўняецца 20 гадоў. "Мы вельмі рады, што нашай краіне ўдалося ўстанавіць такія адносіны з Кітаем, гэтыя адносіны пастаянна развіваюцца", - адзначыў ён.
За апошнія 20 гадоў гандлёва-эканамічны абарот паміж краінамі вырас у 100 разоў. Актыўна развіваюцца дружалюбныя адносіны па ўсіх напрамках.
У сваю чаргу Лу Юнсян адзначыў, што Кітай надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з Беларуссю. Пагадненне, якое падпісана сёння ў Мінску, дасць магчымасць яшчэ глыбей умацаваць гэта супрацоўніцтва.
"Не сумняваюся, што цяперашні візіт у вашу краіну дасць магчымасць напоўніць двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая новай сілай", - сказаў ён.
У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігар Войтаў адзначыў, што, як мяркуецца, першае пасяджэнне створанай камісіі будзе праведзена ў першай палавіне гэтага года ў Кітаі.
Ён таксама паведаміў, што ў адпаведнасці з пагадненнем Беларусь і Кітай будуць супрацоўнічаць па наступных напрамках: мікраэлектроніка, лазерная тэхніка, машынабудаванне, медыцына, тонкая хімія.
Узаемадзеянне Беларусі і Кітая ў навукова-тэхнічнай галіне развіваецца даволі актыўна. На рэгулярнай аснове праводзяцца дні навукі і тэхнікі Беларусі і Кітая, арганізуецца ўдзел зацікаўленых у спецыялізаваных выстаўках, ствараюцца новыя цэнтры і механізмы абмену.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|