Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

23 Крс 2015

Беларусь і Грузія дамовіліся аб перспектывах узаемнага тавараабароту ў памеры $200 млн

23 красавіка, Тбілісі /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Грузія дамовіліся аб перспектывах узаемнага тавараабароту ў памеры $200 млн па выніках праведзенага напярэдадні ў Тбілісі беларуска-грузінскага бізнес-форуму. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля перагавораў са сваім грузінскім калегам Георгіем Маргвелашвілі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ёсць намеры, канкрэтныя кантракты, якія заключаны па гандлі паміж нашымі краінамі. Значыць, нам варта было арганізаваць гэту сустрэчу, каб у разы павялічыць наш тавараабарот", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што хоць аб'ём узаемнага гандлю па выніках мінулага года і склаў суму $64 млн, але захаваўся на ўзроўні 2013 года. "Зразумела, гэта не тыя лічбы, якія могуць нас задаволіць. Таму ў ходзе праведзеных перагавораў мы ўдзялілі значную ўвагу развіццю гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі", - адзначыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што, нягледзячы на выхад Грузіі са складу СНД, у беларуска-грузінскіх адносінах захаваны рэжым свабоднага гандлю.

Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся аб тым, што вытворчая кааперацыя будзе асноўнай у двухбаковых адносінах. "Проста гандляваць - гэта проста, а вось стварыць сумеснае прадпрыемства, якое будзе вырабляць патрэбную прадукцыю і гандляваць па ўсім свеце, гэта больш складана, але рэальна", - лічыць беларускі лідар. Бакі дасягнулі дамоўленасці аб рэалізацыі пілотных праектаў па стварэнні ў Грузіі зборачнай вытворчасці беларускіх ліфтаў, трактароў розных мадыфікацый, патрэбных Грузіі.

"Паспрабуем з гэтага пачаць. І я ўпэўнены, што ў бліжэйшыя год і будучы мы рэалізуем гэтыя праекты, - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Перакананы, што калі нашы ўрады будуць працаваць эфектыўна і рэалізоўваць нашы дамоўленасці, уклад Беларусі ў развіццё Грузіі будзе відавочны і неаспрэчны. Мы хочам гэта зрабіць як самым блізкім, добрым не проста сябрам, а нашым братам, з якімі мы жылі ў адным доме, і аб гэтым забываць не трэба. Мы ў Беларусі аб гэтым добра памятаем".

Беларусь гатова таксама забяспечыць патрэбнасці грузінскіх партнёраў у сельскагаспадарчай, камунальнай тэхніцы, гарадскім пасажырскім транспарце, лекавых сродках, а таксама ў прадуктах харчавання. Аб гэтым ужо ёсць канкрэтныя дамоўленасці. Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся аб тым, што на ўзроўні ўрадаў будуць прапрацаваны канкрэтныя праекты, якія істотна павысяць двухбаковы гандлёва-эканамічны патэнцыял.

Закранаючы палітычныя адносіны, Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў канструктыўны ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін на міжнародных перагаворных пляцоўках, у тым ліку ў АБСЕ і ў фармаце ініцыятывы "Усходняе партнёрства". На сустрэчы прэзідэнтаў было разгледжана пытанне аб адкрыцці беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Грузіі. "Мы таксама выступаем за актывізацыю міжпарламенцкага дыялогу паміж нашымі краінамі, разлічваем на падрыхтоўку парламентарыямі Беларусі і Грузіі заканадаўчых прапаноў, накіраваных на стымуляванне вытворчай кааперацыі", - сказаў беларускі лідар.

"Беларусь нязменна разглядае Грузію як дружалюбную і вельмі блізкую нам краіну. Развіццё беларуска-грузінскіх палітычных і эканамічных адносін адпавядае інтарэсам абедзвюх краін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Грузія з'яўляецца для нас патэнцыяльна перспектыўным гандлёва-эканамічным партнёрам у рэгіёне Закаўказзя".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі