Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

10 Лют 2015

Беларусь і ЕС завяршылі праграму па бяспецы прадуктаў харчавання

10 лютага, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь і Еўрапейскі саюз завяршылі трохгадовую праграму "Падтрымка інфраструктуры якасці - бяспека прадуктаў харчавання". Сёння, у прыватнасці, адбылася перадача абсталявання лабараторыі Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі (БелДІМ), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта адна з трох лабараторый, аснашчаных і падрыхтаваных да работы згодна са стандартамі ЕС і міжнароднымі стандартамі па названай праграме.

Старт ёй быў дадзены ў 2011 годзе. Пры агульным бюджэце праграмы 8,5 млн еўра, выдзеленых Еўрасаюзам, на закупку абсталявання для лабараторый затрачана больш як 3 млн еўра. Акрамя таго, выпрабавальныя пляцоўкі Дзяржстандарта (БелДІМ), Мінсельгасхарча (Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр) і Міністэрства аховы здароўя Беларусі (Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя) атрымалі таксама прафесійнае кансультаванне, практычнае навучанне персаналу з мэтай укаранення сучасных метадаў аналізу, якія адпавядаюць стандартам і патрабаванням ЕС да лабараторый у сферы бяспекі прадуктаў харчавання.

"Дзякуючы рэалізацыі праграмы кампетэнтныя органы краіны, аператары харчовага бізнесу, іншыя арганізацыі атрымалі вельмі патрэбныя веды, азнаёміліся з сучаснымі еўрапейскімі тэхналогіямі арганізацыі і вытворчасці харчовай прадукцыі, удасканалілі сваю дзейнасць у галіне акрэдытацыі і дзяржаўнага нагляду, - адзначыў старшыня Дзяржстандарта Віктар Назаранка. - За кошт ажыццёўленага росту патэнцылу трох лабараторый і выкарыстання вопыту Еўрасаюза мы атрымалі магчымасць упершыню сфарміраваць сістэму рэферэнтных лабараторый для павышэння ў краіне якасці лабараторнага кантролю харчовай прадукцыі".

Паводле слоў Віктара Назаранкі, гэта вельмі карысны і своечасовы праект. "Таму што мы разглядаем не толькі тэму збліжэння нашых патрабаванняў у рамках Мытнага саюза, Еўразійскага эканамічнага саюза, але і адначасова сур'ёзна прапрацоўваем тэму выхаду на міжнародныя стандарты, адзіныя патрабаванні", - растлумачыў ён. Гэта аднолькава важна сёння для ўсіх - і для Беларусі, і для краін Мытнага саюза, Еўрапейскага саюза, паколькі дае магчымасць зняць тэхнічныя бар'еры ў гандлі. "Пасля гэтага ўжо з'яўляецца магчымасць канкурыраваць адкрыта і сумленна", - падкрэсліў Віктар Назаранка.

У сваю чаргу часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Рудольф Рышар адзначыў, што са снежня 2011 года бакамі праведзена вялікая работа, завяршальным этапам якой стала пастаўка абсталявання ў тры лабараторыі рэспублікі. "Упэўнены, што вынікі праграмы дапамогуць беларускім вытворцам прадуктаў харчавання пашырыць свае экспартныя магчымасці на рынках ЕС і трэціх краін, павысяць узровень даверу і рэпутацыі беларускай прадукцыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынках", - сказаў ён.

На сёння лабараторыі гатовы да выпрабаванняў мінеральнай (бутыляванай) вады, рыбы, мяса і малочных прадуктаў для вызначэння наяўнасці ў іх мікатаксінаў, астаткаў арганічных і неарганічных забруджванняў, астаткаў пестыцыдаў і фармакалагічна актыўных рэчываў з выкарыстаннем метадаў, прызнаных на міжнародным узроўні. Лабараторыя БелДІМ, у прыватнасці, аснашчана высокаэфектыўнымі храматографамі і сістэмай прэпаратыўнай храматаграфіі, розным дапаможным абсталяваннем.

Мэта праграмы "Падтрымка інфраструктуры якасці - бяспека прадуктаў харчавання" - паляпшэнне інфраструктуры якасці і бяспекі беларускіх прадуктаў харчавання шляхам паступовага іх прывядзення да міжнародных стандартаў і стандартаў ЕС. Яна была рэалізавана на працягу трох гадоў міжнародным кансорцыумам, у які ўвайшлі кампаніі з Бельгіі, Латвіі, Літвы і Польшчы. Функцыі вядучага партнёра ўзяла на сябе французская асацыяцыя па стандартызацыі AFNOR. Партнёрамі з беларускага боку выступілі Дзяржстандарт, Мінсельгасхарч і Міністэрства аховы здароўя. Праграма складалася з чатырох асноўных кампанентаў: акрэдытацыя, нагляд за рынкам, менеджмент лабараторый і нарошчванне патэнцыялу харчовай прамысловасці.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі