23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі значна зніжаны тарыфы за стаянку фур з літоўскай рэгістрацыяй. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Грузавікі могуць ужо цяпер выязджаць са спецыяльных пляцовак. Тарыф за захоўванне на пляцоўках значна зніжаны. "Ён у разы меншы таго, які быў устаноўлены першапачаткова, - мінімальны, зыходзячы толькі з тых затрат, якія панёс уладальнік стаянак, забяспечваючы захаванасць транспартных сродкаў", - адзначыў старшыня ДМК.
Пасля аплаты кожным перавозчыкам за захоўванне свайго транспартнага сродку такі грузавік зможа пакінуць пляцоўку. Напрыклад, за захоўванне прычэпа або паўпрычэпа кошт больш як у сем разоў адрозніваецца ў меншы бок ад раней устаноўленага тарыфу. Калі поўная счэпка - менш у тры разы. "Гэта значыць тарыф такі, які пакрывае толькі затраты непасрэдна ахоўніка грузавікоў", - растлумачыў Уладзімір Арлоўскі.
Перавозчыкі часткова раней ужо аплачвалі захоўванне транспартных сродкаў, таму ім зразумелы парадак дзеянняў.
"Усе рашэнні прыняты, распараджэнні дадзены. Грузавікі могуць ужо цяпер выязджаць са спецыяльных пляцовак", - дадаў старшыня ДМК.
Як праінфармавалі ў РУП "Белмытнясэрвіс", устаноўлены наступныя тарыфы, якія дзейнічаюць з моманту размяшчэння тэхнікі на спецыялізаваных стаянках: счэпка - 163,8 рубля, цягач - 109,2 рубля, паўпрычэп - 54,6 рубля ў суткі.
Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, разгледзеўшы зварот літоўскіх і польскіх перавозчыкаў, прыняў рашэнне аб магчымасці выезду грузавых транспартных сродкаў з літоўскай рэгістрацыяй.
Гэтыя транспартныя сродкі з лістапада 2025 года знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі з-за недружалюбных дзеянняў літоўскага боку па закрыцці пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай граніцы.
Цяпер на спецыяльна абсталяваных пляцоўках размешчана больш як 1,9 тыс. транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. На працягу ўсяго перыяду забяспечвалася іх поўная захаванасць.
Транспартныя сродкі з літоўскай рэгістрацыяй змогуць пакідаць тэрыторыю Беларусі праз літоўскі напрамак у адпаведнасці з заканадаўствам. Літоўскія транспартныя сродкі, якія фактычна належаць польскім перавозчыкам, змогуць выязджаць у тым ліку і праз польскі напрамак, дзе сумежны бок працуе больш актыўна.