Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

18 Снж 2015

Андрэйчанка: У Беларусі прадоўжацца эвалюцыйныя пераўтварэнні ў эканоміцы

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі будзе прадоўжаны паслядоўны рух па шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў у эканоміцы, заявіў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на закрыцці восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўныя параметры бюджэту (на 2016 год. - Заўвага БЕЛТА) даюць магчымасць разлічваць, што планка сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы ў галіне адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай палітыкі не будзе зніжана. Пры гэтым будзе прадоўжаны паслядоўны рух па шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў у эканоміцы", - сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што падрыхтоўка праекта рэспубліканскага бюджэту на 2016 год праходзіла вельмі няпроста. "І распрацоўшчыкі, і дэпутаты дакладна разумелі, што задача ўздыму нацыянальнай эканомікі ва ўмовах сусветнага спаду патрабуе даволі жорсткіх абмежавальных мер. Разам з тым менавіта сёння як ніколі важна забяспечыць сацыяльныя гарантыі. У гэтым залог грамадскай стабільнасці, а значыць і ўстойлівага развіцця краіны. Бо стратэгічны рэсурс Беларусі - гэта чалавечы патэнцыял", - дадаў спікер. Ён падкрэсліў, што менавіта з такога пункту гледжання дэпутаты падыходзілі да разгляду праекта бюджэту і звязаных з ім дакументаў.

Акрамя таго, старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што ў ходзе цяперашняй сесіі прыняты дакумент аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, гэты новы закон ужо ў бліжэйшы час дасць магчымасць пачаць рэалізацыю некалькіх буйных праектаў з дапамогай тэхналогій, капіталу і рэсурсаў прыватнага бізнесу. "Гэта, безумоўна, знізіць нагрузку на рэспубліканскі бюджэт і ўзмоцніць дзелавую актыўнасць у краіне", - лічыць спікер.

Таксама сур'ёзны эканамічны эфект плануецца атрымаць ад уступлення ў сілу Ляснога кодэкса. Паводле ацэнак экспертаў, гэта дасць магчымасць атрымліваць дадаткова ў бюджэт рэспублікі больш за Br200 млрд штогод. У дапаўненне да гэтага быў прыняты і Кодэкс аб культуры. "Упершыню на заканадаўчым узроўні ў гэтай галіне вызначана месца спонсарства і мецэнацтва, устаноўлены прававыя асновы супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі", - растлумачыў Уладзімір Андрэйчанка.

Старшыня нагадаў, што работа над кодэксам прыцягнула вялікую грамадскую ўвагу. "Гэта не выпадкова, бо захаванне нацыянальна-культурнай самабытнасці ў шмат разоў павышае здольнасць народа процістаяць негатыўным выклікам. У святле сучасных трывожных тэндэнцый гэта вельмі актуальна", - сказаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі