14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск у творах беларускіх мастакоў розных пакаленняў прадставіць выстаўка "Горад. Архітэктура. Мы" да 950-годдзя сталіцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі, выстаўка пройдзе з 16 жніўня па 1 кастрычніка.
Экспазіцыю створаць больш за 90 твораў жывапісу, графікі і скульптуры з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, якія перадаюць аблічча горада - старажытнага і сучаснага, даваеннага і пасляваеннага, урачыстага і паўсядзённага.
У наведвальнікаў будзе рэдкая магчымасць убачыць у адзінай выставачнай прасторы работы беларускіх мастакоў розных пакаленняў, мастацкіх традыцый і стылявых арыенціраў, якія створаны практычна за 100 гадоў і так па-рознаму прадстаўляюць сталіцу Беларусі.
Урачыстае адкрыццё выстаўкі адбудзецца 28 жніўня. Да адкрыцця прымеркавана прэзентацыя альбома "Горад. Архітэктура. Мы", у які ўвайшло каля 400 твораў жывапісу, графікі і скульптуры. Альбом падрыхтаваны Нацыянальным мастацкім музеем сумесна з выдавецтвам "Мастацкая літаратура".